8 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльных дошак, прысвечаных заходнебеларускім паэтам — А.К.Бяленку (Нікіфару Жальбе), І.П.Івашэвічу (Пятрусю Граніту), І.І.Пышко (Гарасіму Праменю), А.М. Лебедзеву (Васілю Струменю). На ўрачыстым адкрыцці мемарыяльных дошак у Труханавічах і Зачэпічах прысутнічалі В.Дубатоўка, старшыня Гродзенскай філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў, А.Пяткевіч, пісьменнік, прафесар і краязнаўца, С.Чыгрын, пісьменнік і краязнаўца і іншыя.
Ушаванне памяці А.К.Бяленкі распачалося з наведвання могілак, дзе пахаваны паэт. Вучні Вензавецкай школы разам са сваёй настаўніцай усклалі на магілу паэта кветкі. Унучка А.К.Бяленкі Г.І.Лішык прачытала верш дзядулі. Каля хаты, дзе некалі жыў А.К.Бяленка і на якой цяпер устаноўлена мемарыяльная дошка, у час урачыстасці сабраліся жыхары вёскі. Сярод іх былі і дочкі паэта — Ганна і Надзея. На мерапрыемстве гучалі вершы А.К. Бяленкі — іх чыталі вучні Вензавецкай школы. Аб творчым і жыццёвым шляху паэта ўзгадалі краязнаўца С.Чыгрын, пісьменнік, прафесар А. Пяткевіч.
У Зачэпічах была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Петрусю Граніту, Гарасіму Праменю, Васілю Струменю. Завяршылася мерапрыемства ў Жукоўшчынскай сельскай бібліятэцы – цэнтры традыцыйнай культуры. Прысутныя пазнаёміліся з матэрыяламі літаратурнага пакоя “Знакамітыя людзі зямлі Жукоўшчынскай”, відэапрэзентацыяй, прысвечанай вядомым асобам Дзятлаўшчыны, паслухалі вершы. У выкананні барда С.Чарняка прагучалі песні на вершы беларускіх паэтаў. Пісьменнік Сяргей Чыгрын падараваў бібліятэцы сваю кнігу с аўтографам “На радзіме Ігната Дварчаніна: з краязнаўчых вандровак па Дзятлаўшчыне”.