Солтан Станіслаў

(1756- 27.08.1836)

Stanisłaŭ_SołtanЗ канца ХVІІІ стагоддзя па 1831г. Дзятлавам валодала буйная магнацкая сям’я Солтанаў. Гэта быў старажытны род, вядомы на Беларусі ў ХV – ХХ стст., да першай паловы ХVІ ст. ён насіў прозвішча Салтановічы ці Перасвіт-Солтаны. Прадстаўнікі роду займалі дзяржаўныя і адміністрацыйныя пасады ў Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай губернях.

У 1782г. Станіслаў Солтан стаў харунжым вялікім літоўскім, у абавязкі якога ўваходзіў нагляд за дзяржаўным сцягам. У 1790г. С.Солтана назначаюць на пасаду падкаморага вялікага літоўскага. У 1791г. ён становіцца маршалам надворным літоўскім – вышэйшай службовай асобай у Вялікім княстве Літоўскім.

Зямлі меў Станіслаў Солтан 5300 дзесяцін, з якіх 1671 былі ў карыстанні сялян, 1200 – у карыстанні жыхароў мястэчка. Астатнімі распараджаўся сам граф.

У час Айчыннай вайны 1812г. выступіў на баку Напалеона, бо той абяцаў адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае. Памёр Станіслаў Солтан у 1836 г. ў Мітаве, цяпер Ялгава, Латвія.

Дзятлава перайшло да яго сына Адама, палкоўніка войска кароннага.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Адам Солтан на некаторы час адышоў ад дзяржаўных спраў і заняўся гаспадарчай дзейнасцю. У сваім мястэчку Дзятлава ён пабудаваў у пачатку ХІХ ст. невялікую папяровую фабрыку, цагельны завод і паштовую станцыю. У Дзятлаве знаходзілася бібліятэка графа. Яна з’яўлялася адной з лепшых у  Гродзенскай губерніі.   Прымаў актыўны ўдзел таксама ў паўстанні 1830-1831 гг., за што былі канфіскаваны ягоныя ўладанні, у тым ліку і Дзятлава.У 1831 годзе Дзятлава перайшло ў дзяржаўную казну. Такім чынам, 333 гады сваёй гісторыі Дзятлава было праватнаўласніцкім мястэчкам.

Літаратура:

 Адам Солтан // Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. – Дзятлава. – 2007. – С.15.

Ерашэвіч,А.А. Солтан Станіслаў / А.А.Ерашэвіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. – Мн., 2002. – Т.15. – С.80.

Лакіза,В.Л. Солтан Станіслаў / В.Л.Лакіза // Памяць: гіст-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997.- С.39-40.

Солтан Станіслаў// Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. – Дзятлава. – 2007. – С.15.

от admin

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован.