Хрышчановіч Уладзімір
(1876-12.02.1933)
Уладзімір Хрышчановіч нарадзіўся ў 1876 годзе ў вёсцы Гезгалы, у простай сям’і. Ужо ў сталым узросце паступіў у Слуцкае духоўнае вучылішча, якое закончыў у 1911 годзе. Уладзімір Хрышчановіч быў сціплы, набожны чалавек. Часта ажыццяўляў паломніцтвы па святых мясцінах. Маладым ездзіўу Кранштадт, дзе маліўся разам са святым Іанам Кранштадскім.
Пасля таго, як закончыў духоўнае вучылішча, доўга служыў псаломшчыкам пры храме святога Мікалая Цудатворцы ў вёсцы Горкі Бабруйскага павета Мінскай губерні. У 1930 годзе Уладзімір Хрышчановіч стаў свяшчэннікам, нягледзячы на тое, што шмат святароў ссылалі ў Сібір, расстрэльвалі, гэта не спыніла. Ён зрабіў свой выбар: стаў свяшчэннікам ганімай Царквы.
Усім вядома, што на пачатку 20-га стагоддзя праводзілася палітыка, скіраваная супраць Царквы, і ўсіх, хто верыў у Бога. Рушылі храмы, манастыры. Тысячы святароў і веруючых былі арыштаваны, шмат хто расстраляны. Зачыняліся нядзельныя школы. Дзецям гаварылі аб тым, што Бога няма. Забаранялася хрысціць, вянчацца, праводзіць у апошні шлях са святаром. Карацей кажучы, усё было скіравана супраць веры, супраць таго, што стагоддзямі было накоплена людзьмі. Планамерна знішчалася ўсё, што на-гадвала людзям пра Бога, пра іх вышэйшае зямное прызванне.
Але варта зазначыць, што многа людзей у той час засведчылі сваю сапраўдную веру ў Бога, не адракліся нават перад тварам смерці ад Яго. У асноўным гэта былі свяшчэннікі і іх сем’і. У Беларусі іх пакуль выяўлена 23 чалавекі. 23 мучанікі прылічаны да святых. Яны сапраўды спазналі не толькі прыцясненне, але і самыя жорсткія, бесчалавечныя ганенні. Толькі вера ў Ісуса Хрыста, распятага і ўваскрэсшага, дала ім сілы вытрымаць усе выпрабаванні, не ўпасці духам, а, наадварот, з яшчэ большым гарэннем сведчыць пра Госпада і тую ісціну, якую захоўвае Святая Царква.
Праз два гады, 27 снежня 1932 года, святара арыштавалі за тое, што ён заклікаў людзей у Царкву, заклікаў верыць у Бога, заклікаў стойка пераносіць нягоды. Звяртаючыся да змучаных голадам сялян, усцешваючы іх, ён казаў: “Браты! Гасподзь стварыў чалавека і ў яго волі зрабіць з ім усё, што захоча. Трэба слухаць Бога і верыць у Яго, хадзіць у Царкву і маліцца Госпаду. Адзінае наша выратаванне – гэта Гасподзь. Чалавек павінен пераносіць усё. Зараз—дрэнна, але хутка гэта пераменіцца”.
Ён служыў вельмі часта ў храме сяла Языль Старадарожскага павета. Гэта таксама было нагодай да яго арышту. Уладзімір Хрышчановіч адчуваў, што гэты арышт не на тыдзень, а таму пісаў сваім родным: “Дарагая, любая жонка і дзеці! Спяшаюся павіншаваць вас з Новым годам, з новым шчасцем. Дай Бог перанесці вам увесь цяжар і смутак ад злых людзей. Прашу вас не забываць пра Бога, ад якога залежыць усё”. Да адрасата гэтае пісьмо не дайшло.
Матушка Соф’я Міхайлаўна Хрышчановіч, жонка айца Уладзіміра, пісала: “Дарагі Валодзя! Мы ўсе жывыя і здаровыя, чаго і табе жадаем. Пра нас не турбуйся! Напішы ўсё падрабязна, а менавіта: у чым ты абвінавачваешся, чаго цябе дапрашваюць. Можа табе патрэбны валёнкі ці ватныя штаны, то я пастараюся прыслаць. Быў вобыск…” Пісьмо жонкі айцец Уладзімір таксама не ўбачыў.
Без суда і следства 12 лютага 1933 года свяшчэннік Уладзімір Хрышчановіч быў расстраляны. Маёмасць канфіскавалі. Сям’ю выслалі за межы Беларусі. Дзе пахаваны святар — невядома, але памяць пра яго не знікла, хоць і мінуў не адзін дзесятак гадоў. У вёсцы Гезгалы людзі пажылога ўзросту памятаюць Уладзіміра Хрышчановіча. Гэта сведчыць аб тым, што святар быў сапраўды сумленным і шчырым чалавекам.
Вядома месца, дзе стаяла хата, у якой жыў свяшчэннамучанік Уладзімір Гезгальскі. Нядаўна нам падказалі, што матушка Соф’я Міхайлаўна Хрышчановіч пахавана ў вёсцы Беліца Лідскага раёна. Пакуль што пра яго дзяцей, унукаў звестак няма.
Варта зазначыць, што ў Гезгалах вельмі шмат людзей маюць прозвішча Хрышчановіч. Верагодна, што яны з’яўляюцца нейкімі родзічамі — далёкімі або блізкімі — айца Уладзіміра. А гэта — вялікае шчасце, калі ў родзе ёсць святы, які там, у іншым свеце, моліцца за свой род.
Літаратура:
Салаўёў,Р. Свяшчэннамучанік Уладзімір Хрышчановіч – святы Дзятлаўскай зямлі / Расціслаў Салаўёў // Перамога. – 2010. – 11 лістапада. – №87. – С.2.