Ды не пагасне мудры свет Бібліятэк!
Без кніг жыццё немагчыма. Значыць, немагчыма без бібліятэк! Уся гісторыя развіцця грамадства звязана з бібліятэкамі. Гэта зусім не спакойная гісторыя! За іх ваявалі, іх спальвалі, гублялі, знаходзілі ў тоўшчы пахаваных часам гарадоў. Сённяшняя сучасная бібліятэка здаецца ўвасабленнем цішыні, супакою і парадку. Як і ва ўсе гады, яна служыць людзям.
15 верасня ў нашай краіне будзе святкавацца Дзень бібліятэк Рэспублікі Беларусь. Дзятлаўская цэнтральная раённая бібліятэка прапануе ўсім жадаючым прыняць удзел у розных мерапрыемствах і акцыях. У гэты дзень – Дзень адчыненых дзвярэй – для дарослых і маленькіх карыстальнікаў бібліятэчныя работнікі правядуць экскурсіі, раскажуць пра традыцыйныя і новыя магчымасці і паслугі, якія прадастаўляюцца бібліятэкай. Праграма дня будзе ўключаць: відэамарафон “Кніга на экране”, бібліяфрэш “Усё лепшае для вас!” (знаёмства з навінкамі літаратуры), акцыя “Павіншуй бібліятэку”, “Дзень вернутай кнігі” (у гэты дзень можа вярнуць кнігі пратэрмінаваныя чытачом).
Усіх жадаючых запрашаем у нашу бібліятэку, бо бібліятэка сёння – гэта цэнтр дасугу і інфармацыі.