У філіяле “Жукоўшчынская сельская бібліятэка – клуб” да Дня абароны дзяцей у парку насупраць бібліятэкі прайшла забаўляльная праграма “Дзяцям – радасць, дзецям – сонца, дзецям – мір і прыгажосць”, у якой прынялі ўдзел настаўнікі і выхаванцы аздараўленчага лагера “Сонейка”, які працуе пры ВПК “Жукоўшчынскі дзіцячы сад – базавая школа”. Дзеці ўдзельнічалі ў гульнях, складалі з пазлаў літаратурных герояў, адказвалі на пытанні віктарыны ”Хто з літаратурных герояў мог скласці такія аб’явы?”. Наведалі “Бюро знаходак”, дзе трэба было назваць літаратурнага героя па згубленай рэчы. Прынялі удзел у гадзіне бяспекі “Лета і твая бяспека”. Успомнілі, як трэба паводзіць сябе на дарогах, пры наведванні лясоў і вадаёмаў. Бібліятэкар пазнаёміла дзяцей з выставай – заклік “Будзь сябрам бібліятэкі летам”.