Дваранін Арсень Міхайлавіч
(13.04.1949)
Дваранін А.М. нарадзіўся ў в.Малыя Краглі Дзятлаўскага раёна, беларускі мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, член Саюза мастакоў рэспублікі Беларусь з 1989 г.
“У мяне заўсёды шчыміць сэрца, калі сустракаюся з роднымі мясцінамі, бацькамі, аднавяскоўцамі. Хочацца несці ўсім людзям святло, радасць і прыгажосць”- гаворыць Арсень Міхайлавіч
У 1964 г. закончыў Жукоўшчынскую васьмігодку. Пазней паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, які закончыў у 1968 г. Дыпломнай работай студэнта-выпускніка быў архітэктурны праект, прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая работа прынесла першы поспех – яна экспанавалася на ВДНГ у Маскве і атрымала залаты медаль. Пасля заканчэння тэхнікума А.Дваранін працаваў архітэктарам у Брэсцкім праектным інстытуце “Белдзяржпраект”. У 1973г. паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, які закончыў у 1977г. Дыпломная работа А.Двараніна – праект Мінскага мастацкага вучылішча – экспанавалася на Усесаюзнай выставе дыпломных работ у Вільнюсе. Пазней Арсень Міхайлавіч пераехаў з Мінска ў Гомель, дзе жыве і цяпер.
Мастак працуе ў жанры жывапісу – партрэт, пейзаж, нацюрморт (“Партрэт сына”, “Лістапад”, “Лён цвіце”, “З матылём” і іншыя).
А.Дваранін – аўтар многіх праектаў мастацкага аздаблення памяшканняў (Гомельскі музычны коледж, музычная школа і інш.).
Шматтраўе і шматквецце беларускіх лугоў і палёў, ціхая пяшчота лясоў знайшлі адлюстраванне ў непаўторных сваёй арыгінальнасцю і прыгожасцю габеленах А. Двараніна. “Асноўная тэма маёй творчасці, – сказаў мастак, – гэта сцвярджэнне прыгажосці прыроды, прыгажосці чалавека”.
Творчасць мастака адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.
А.Дваранін прымаў удзел у розных абласных і рэспубліканкіх выставах, а таксама міжнародных – у Польшчы (1987г.), Францыі ( 1991г.). У 1995г. ў Францыі была арганізавана персанальная выстава мастака. Яго габелены набылі і дэманструюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Гомельскім і Рэчыцкім музеях, а таксама за мяжой – у Францыі, пасольстве Беларусі ў Бельгіі (Брусель), прыватных калекцыях розных краін.
Нягледзячы на вялікую творчую працу, мастак часта прыязджае на радзіму, у в. Малыя Краглі. Нядаўна мастак падараваў Нагародавіцкай царкве напісаны ім абраз “Маці Боская Усім смуткуючым радасць”.
Яго творы зберагаюцца ў музеях і прыватных калекцыях Францыі, Бельгіі, Расіі, Германіі, ЗША, Галандыі, Польшчы.
Літаратура:
Дваранін Арсень Міхайлавіч, беларускі мастак // Пяткевіч А.М. Людзі культуры Гродзеншчыны : даведнік. – Гродна, 2000. – С.85-86.
Літвінава, Т.Ф. Дваранін Арсень Міхайлавіч / Т.Ф.Літвінава // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 1998. – Т.6. – С.75.
Палховіч,Т. Творца прыгожага (Пра Арсеня Міхайлавіча Двараніна, беларускага мастака дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва) / Т.Палховіч // Перамога. – 1999. – С.2.