Матуля … адзіная родная,
Радзіма … адзіная родная,
матчына мова … адзіная родная…
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы. Аддзел абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі ладзіў Дзень беларускай кнігі “Чытаючы Радзімы старонкіˮ. Дзень атрымаўся насычаным на мерапрыемствы. Ладзілася дыктоўка “Беларускай мовы рысы непаўторныяˮ з наведвальнікамі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту ДУ “Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёнаˮ і карыстальнікамі бібліятэкі. У прыемнай атмасферы ліліся цёплыя мілагучныя словы роднай беларускай мовы. Напісанне атрымалася граматнае, без памылак. А быць інакш і не магло, таму што родная мова ідзе ад сэрца і рука сама піша без памылак. Застаецца толькі цёплае пачуццё ад таго, што разам са сваімі суайчыннікамі пішам “гімнˮ роднай матчынай мове.
Наступнае мерапрыемства – конкурсная гульня “Таямніцы роднай мовыˮ, якое ладзілася з вучнямі 11 класа ДУА “Гімназія №1 г. Дзятлаваˮ з настаўнікам Орсік Вольгай Анатольеўнай. Падчас мерапрыемства падлеткі адправіліся ў займальнае падарожжа ў свет таямнічай роднай мовы па станцыях, якія прапанавалі сваім пасажырам цікавыя загадкі, жарты, загадкавы беларускі фальклор, літаратурную крыжаванку, станцыі “Словаведыˮ і “Перакладчыкіˮ. Вельмі прыемна, што нашы падлеткі – сапраўдныя патрыёты сваёй Радзімы, таму што з задавальненнем і любоўю ўдзельнічалі ва ўсіх прапанаваных выпрабаваннях. Адбылася дэманстрацыя відэаролікаў верша “Родная моваˮ і відэакліпа песні “Родная моваˮ у выкананні Алісы Довнар.
Удзельнікі або двух мерапрыемстваў прынялі ўдзел у акцыі “Чытаем беларускую кнігуˮ, падчас якой чыталі вершы нашых беларускіх паэтаў. Была аформлена выстава-парада “Беларуская кніга – гэта цікаваˮ, бібліятэкар прапанавала наведвальнікам мерапрыемстваў Топ-10 кніг беларускіх аўтараў.