Астрожскі Канстанцін Іванавіч
Нарадзіўся ў 1460, памёр у 1530 годзе ў Тураве, пражыўшы 70 гадоў, нарадзіўся ў знатнай і багатай сям’і.
Гетман найвышэйшы Вялікага княства Літоўскага, кашталян віленскі, ваявода трокскі, першы ўладальнік Дзятлава, якім валодаў з 1498 года да сваёй смерці. З юнацкіх гадоў Канстанцін захапляўся кніжкамі пра ваенныя падзеі, пра ролю дыпламатаў у міжнародных адносінах. З часам пачаў добра разбірацца ў гэтых справах. Быў заўважаны пры княжацкім двары і стаў атрымліваць адказныя даручэнні. Асабліва праявіў сябе Канстанцін Астрожскі ў ваеннай справе. Перамог больш як у 60 бітвах. У 1491 г. ён найлепшым чынам паказаў сябе ў той момант, калі конніца Вялікага княства Літоўскага дагнала і разбіла татараў пад Ізяславам. Затым К.І.Астрожскі ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татар у 1495 і 1496 гг. З таго часу ваенныя і дзяржаўныя справы больш за ўсё займалі К.І.Астрожскага. У сваіх гаспадарках ён усё падпарадкоўваў абароне роднай зямлі ад ворагаў. У мястэчках і памесцях будаваў крэпасці: у пачатку 1500 г. у Дзятлаве над рэчкай Дзятлаўкай была ўзведзена драўляна-земляная крэпасць. Былі ў ваенным жыцці К.І.Астрожскага і няўдачы. У бітве з рускім войскам на р.Вядроша ў ліпені 1500 г. атрад Астрожскага быў цалкам разбіты. Сам гетман трапіў у палон, дзе правёў амаль сем гадоў. У 1507 г. К.І.Астрожскі здолеў уцячы і зноў узначаліў велікакняжацкае войска. У тым жа годзе вялікі князь пацвердзіў правы К.Астрожскага на ўладанне памесцем Здзецел. З таго часу Дзятлава пачало расці, паступова ператвараючыся ў мястэчка.
Канстанцін Іванавіч быў актыўным абаронцам праваслаўя, будаваў цэрквы ў гарадах Беларусі і Украіны, у Вільні. У Дзятлаве таксама пабудаваў у 1508 годзе невялічкую драўляную царкву. Яна праіснавала доўгі час, але згарэла ў час аднаго з частых пажараў.
У Аршанскай бітве 1514 г. Астрожскі кіраваў войскамі Вялікага княства Літоўскага, якія паспяхова перамаглі войскі Маскоўскай дзяржавы.
Пасля смерці жонкі Таццяны Гальшанскай (1522) ажаніўся на князёўне Аляксандры Сямёнаўне Алелькавіч-Слуцкай (1524). У 1527 г. у іх нарадзіўся сын – Канстанцін (Васіль) Астрожскі, які таксама адыграў значную ролю ў гісторыі Дзятлава.
Смерць Канстанціна Іванавіча Астрожскага ў 1530 г. была значнай стратай для Вялікага княства Літоўскага. За выдатныя заслугі перад радзімай, перад праваслаўнай царквой і выконваючы апошнюю волю самога гетмана, яго пахавалі ў Кіева-Пячэрскай лаўры, пад скляпеннямі Успенскага сабора.
Літаратура:
Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 1996. – Т. 2. – С.56.
Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Памяць: гіст-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997. – С.37-38.
Астрожскі Канстанцін Іванавіч // Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. – Дзятлава. – 2007. – С.4-5.