Анішчык Віктар Міхайлавіч
(19.04.1945)
Нарадзіўся у г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна.У 1967 г. скончыў фізічны факультэт БДУ і паступіў у аспірантуру пры кафедры фізікі цвёрдага цела. Яшчэ студэнтам В.М.Анішык заняўся даследаваннем структуры і электрычных уласцівасцей вісмуту. Здабытыя звесткі аб электрычнай прыродзе гэтага паўметалічнага крышталя і склалі аснову кандыдацкай дысертацыі, якую абараніў у 1971г. Стажыраваўся ў ЗША (1974) і Англіі (1982).
У сярэдзіне 70-х гадоў Віктар Міхайлавіч асвоіў новы напрамак у фізіцы цвёрдага цела – іонна-прамянёвую мадыфікацыю крышталяў, выканаў цыкл работ па даследаванню ўласцівасцей іонна-імплантаваных металічных плёнак, а таксама пераходных металаў і сплаваў на іх аснове. Выяўлены эфект доўгадзеяння іграе істотную ролю у практычным прымяненні іоннай імплантацыі для змацавання дэталей машын і механізмаў. В.М.Анішчык адкрыў структурна-фазавыя пераўтварэнні пры імплантацыі, якія кантралююць механічныя ўласцівасці тэхнічна важных металаў і сплаваў. Атрыманыя навуковыя і практычныя вынікі далі штуршок да напісання паспяхова абароненай у 1990г. дысертацыі, за што яму прысуджана вучоная ступень доктара фізіка-матэматычных навук, а ў 1991г. прысвоена вучонае званне прафесара.
В.М.Анішчык апублікаваў звыш 150 навуковых работ, напісаў (у суаўтарстве) вучэбны дапаможнік “Структурны аналіз”, выдаў шмат метадычных дапаможнікаў па крышталаграфіі, іоннай імплантацыі і дыфракцыйных метадах даследавання структуры. Падрыхтаваў 10 кандыдатаў фізіка-матэматычных навук, арганізаваў міжвузаўскі цэнтр структурных даследаванняў, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі “Цвёрдацельныя пераўтваральнікі робататэхнічных сістэм”.
Педагагічная і грамадская дзейнасць В.М.Анішчыка адзначана знакам “Выдатнік народнай адукацыі”, ён узнагароджаны ганаровымі граматамі Міністэрства вышэйшай адукацыі і рэктарата Белдзяржуніверсітэта.
Літаратура:
Бараноўскі,П.М. Анішчык Віктар Міхайлавіч / П.М.Бараноўскі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997.- С.338.
Анішчык Віктар Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Т.1. – Мн., 1996. – С.372.