Запрашаем у бібліятэку

22 снежня 2014 года адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынку Наваельнянскай гарпасялковай бібліятэкі-цэнтра зносін і інфармацыі.

Чырвоную стужку перарэзалі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Іван Іосіфавіч Крахмальчык і намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Мікалай Валер’евіч Мацюкевіч.

Дырэктар Дзятлаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана Пятроўна Касцюк падзякавала кіраўніцтва раёна за матэрыяльную падтрымку і запрасіла ўсіх прысутных на экскурсію па бібліятэцы. Святлана Пятроўна пазнаёміла з чытальнай залай, літаратурным пакоем “Літаратурная спадчына”, дзе сабраны цікавыя матэрылы аб знакамітых пісьменніках і паэтах-земляках: сярод іх вядомы пісьменнік Вячаслаў Адамчык з вёскі Варакомшчына, які ў сваіх прызнаных народам творах расказвае пра родны прынёманскі край. Вядомы чытачу як шчыры лірык, пясняр дзятлаўскіх краявідаў паэт Віктар Шымук з вёскі Змяёўцы. Жыхарам Дзятлаўшчыны Яўген Матвееў вядомы як таленавіты чалавек, мастак, паэт. З пад  яго пяра  выйшлі ў свет восем зборнікаў паэзіі. 

Наведвальнікі бібліятэкі могуць пазнаёміцца не толькі з жыццёвым і творчым шляхам, але і з кнігамі, якія маюць аўтографы пісьменнікаў, фотаздымкамі і іх рукапісамі. Наваельнянская гарпасялковая бібліятэка працуе па праекту “Таленты роднай зямлі”.   

Затым прысутныя наведалі абанемент, дзе размешчаны кнігі, як для дзяцей так і для дарослых.