Вернісаж кніжных навінак: чытаем па-беларуску

lubachkaАфяроўскі, А.Р. Любачка : раман. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. — 494 с..

 “Любачка” — новы раман добра вядомага чытачу пісьменніка, які найбольш запомніўся па дакументальна-мастацкай аповесці “Святло паўночнага ззяння”, дэтэктыўна-прыгодніцкіх раманах “Двое на тонкім лёдзе”, “Феафанія”, “Анэлін хутар”.

Галоўная гераіня рамана — дзіця Вялікай Айчыннай вайны, бо маці, вясковая настаўніца нямецкай мовы, нарадзіла яе ад фашысцкага афіцэра, каб выратаваць трох маленькіх сыночкаў. Гэтая акалічнаць паўплывала на ўсё жыццё Любачкі…


sn9gyrkyЗакаханы ў Снягурку: апавяданні, казкі, мініяцюры / уклад. А.С. Масла. – Мінск: Маст. літ., 2013. – 254 с. – (Маладзік).

Першае каханне, сяброўства, узаемадачыненні з акаляючым светам, асэнсаванне свайго “я” – усё гэта, безумоўна, цікава юнаму чытачу і хвалюе яго.

Творы, сабраныя ў зборніку “Закаханы ў Снягурку” дапамогуць разам з героямі перажыць незабыўныя хвіліны першага пачуцця; падораць цікавыя фантастычныя здарэнні і прымусяць задумацца над стасункамі чалавека з прыродай.


mlinahРублеўская, Л. І.  Ночы на Плябанскіх млынах: раман, аповесць, апавяданні / Людміла Рублеўская. – Мінск: Маст. літ., 2013. – 526 с.

У кнігу вядомай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай увайшлі гатычны раман “Скокі смерці”, у якім журналістка Ганна Барэцкая і рэстаўратар Юрась Дамагурскі разгадваюць таямніцу сярэдневечных гадзіннікаў, аповесць “Ночы на Плябанскіх млынах”, дзе міфы і легенды Мінска пераплятаюцца ў запамінальную містычна-рамантычную карціну, цыкл “Старасвецкія міфы горада Б”, што спалучае антычныя міфы і рэаліі старасвецкага беларускага мястэчка, а таксама апавяданні, у  якіх дзейнічаюць і паўстанцы Каліноўскага і Касцюшкі, і нашы  сучаснікі. Героі Людмілы Рублеўскай вырашаюць адвечныя праблемы выбару паміж годнасцю і бяспекай, каханнем і здрадай, захаваннем гістарычнай памяці і абыякавасцю. У кнізе ёсць і прыгоды, і містыка, і гумар, і псіхалагізм, і развагі над лёсам Беларусчыны.