Тызенгаўз Антоній

Тызенгаўз Антоній

(1733-31.03.1785) 

Нарадзіўся ў г.п.Наваельня Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці, дзяржаўны грамадскі дзеяч ВКЛ, мецэнат. Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду, нямецкага паходжання. Першапачатковую адукацыю ён атрымаў дома, пасля вучыўся ў езуіцкай школе ў Вільні. Яшчэ юнаком апынуўся пры двары князя Чартарыйскага, дзе пазнаёміўся з маладым Станіславам Аўгустам Панятоўскім, будучым каралём Рэчы Паспалітай. Гэтае сяброўства паспрыяла бліскучай службовай кар’еры А.Тызенгаўза. Ён атрымаў адну за адной высокія дзяржаўныя пасады: падстароста гродзенскі з 1757г., вялікі пісар ВКЛ у 1763-1764гг., канюшы ВКЛ у 1764-1765гг., падскарбі надворны ВКЛ з 1765г., адначасова староста гродзенскі адміністратар каралеўскіх эканомій у ВКЛ. Пасол на соймы з 1761г., у 1773-1780гг. узначальваў на соймах каралеўскую партыю. За 15 год сваёй дзейнасці вялікі рэфарматар ахапіў усе сферы жыцця: эканамічную, адукацыйную, культурную, палітычную. Намаганнямі Тызенгаўза Гродна стала месцам работы дзяржаўных устаноў: Скарбавай камісіі ВКЛ, Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага суда. Ініцыятар буйнамаштабных пераўтварэнняў у каралеўскіх эканоміях ВКЛ у галіне адміністрацый, сельскай гаспадаркі, прамысловасці, шляхоў зносін, навукі і адукацыі. Правёў Тызенгаўза рэформу. Арганізаваў шэраг мануфактур (перш за ўсё Гродзенскія каралеўскія мануфактуры). Аміністрацыйным цэнтрам эканамічнай дзейнасці Тызенгаўза стала збудаванае ім прадмесце Гродна-Гарадніца, дзе размяшчаліся заснаваныя Ж.Э.Жыліберам батанічны сад, Гродзенская медыцынская акадэмія, кадэцкі корпус, школы мернікаў, бухгалтараў, будаўнікоў. Праводзіў ачышчэнне рэчышча Нёмана, арганізаваў Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Гродзенскую музычна-тэатральную школу Тызенгаўза, сетку парафіянальных школ. Заснаваў Гродзенскую друкарню, ініцыятар выдання газ. “Газэта Гродзеньска”. Рэканструяваў цэнтр мястэчка Паставы. Увядзенне мануфактур на аснове крэдыту, неэканомнае выкарыстанне сыравіны, высокія цэны і як вынік слабы збыт прадукцыі, адсутнасць зацікаўленасці майстроў і рабочых, неэфектыўнасць прыгоннай працы прывялі да заняпаду прадпрыемстваў і да няўдачы гаспадарчай палітыкі Тызенгаўза. У ліпені 1780г. Тызенгаўз адхілены ад кіравання каралеўскімі эканоміямі ў ВКЛ. Помнік Тызенгаўзу ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным (б.езуіцкім) касцёле, яго імем названа плошча ў Гродне.

 Літаратура:  

Гибянский, И.Г. Граф Антоний Тизенгауз и гродненские королевские мануфактуры. – Пг., 1916.

Карына,Т. Антоній Тызенгаўз // Перамога. – 2007. – 31 сакавіка. – С.4

Kosciatkowski, S. Antoni Tyzenhauz: Podskarbi nadworny Litewski. — T.1-2.- Londyn, 1970-1971.

Тызенгаўз Антоній // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т.- Т.6. – Кн.1. – Мінск,2001. – С.547.