«Свет праваслаўнай кнігі»

Наш каляндар мае шмат розных святаў, знамянальных і памятных дат. Час ад часу з’яўляюцца новыя і ўваходзяць у наша жыццё. У 2017 годзе ў Беларусі  святкуецца 500-год  беларускаму кнігадрукаванню. 10 сакавіка на базе Дзятлаўскай раённай бібліятэкі прайшоў семінар бібліятэчных работнікаў “Духоўна-маральнае выхаванне карыстальнікаў у сучасным бібліятэчным асяроддзі”. Праграма семінара ўключала правядзенне Дня праваслаўнай кнігі. Бібліятэкі ДУК “Дзятлаўская раённая бібліятэка” працягваюць удзел у бібліятэчнай мэтавай праграме “На шляху да духоўнасці”. Дзень праваслаўнай кнігі для бібліятэк стаў традыцыйным. Яго мэта — яшчэ раз звярнуць увагу людзей на карысць, якую прыносіць праваслаўная кніга, далучэнне да сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцей, якія дапамагаюць развівацца духоўна. У пачатку мерапрыемства ўдзельнікі змаглі прагледзець гістарычны відэаэкскурс аб гісторыі беларускага кнігадрукавання. Як вядома, гісторыя беларускага кнігадрукавання пачалася ў 1517 годзе, калі Францыск Скарына выдаў у Празе сваю першую кнігу “Псалтыр”. Літаратурна-музычная кампазіцыя “Шлях да храма”  была прысвечана  700-годдзю з дня заснавання Навагрудскай епархіі. Прысутныя даведаліся аб гісторыі ўтварэння Навагрудскай епархіі, праваслаўных храмах Дзятлаўшчыны. Больш падрабязна супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу заасяродзілі ўвагу на гісторыі існавання храма Прэабражэння Гасподня ў горадзе Дзятлава. Са словамі прывітання да прысутных звярнуўся Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі пратаіярэй Мікалай Пінчук. Да  мерапрыемства работнікі бібліятэкі арганізавалі выставу-агляд праваслаўных кніг “Цуды праваслаўя”. Для карыстальнікаў бібліятэкі была прадстаўлена выстава-кірмаш “Свет праваслаўя”.