Сапега Казімір Леў

Сапега Казімір Леў

(15.07.1609-19.01.1656)

saСын вядомага канцлера Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Гэта быў адзін з найбольш адукаваных людзей свайго часу. У пачатку ХVІІ стагоддзя Леў Сапега перадае ўладанні на Дзятлаўшчыне свайму малодшаму сыну Казіміру. Ён атрымаў добрую пачатковую адукацыю ў Віленскай акадэміі, потым працягваў сваё навучанне за мяжой.  Аб’ездзіў усю Італію, Францыю і Германію. Авалодаў сямю мовамі. У 1630 г. Казімір Леў вярнуўся ў Вялікае Княства, стаў пісарам, маршалкам, а ў 1645 годзе – падканцлерам княства. У 1634 г. Казімір Сапега прымаў удзел у якасці пасла пры падпісанні Палянаўскага міру з Масквой, з 1637 г. – выконваў абавязкі маршалка надворнага літоўскага, а з 1647 г. – падканцлер літоўскі.

Займаўся Казімір Сапега мецэнацтвам і бібліяфільствам. На яго сродкі быў заснаваны юрыдычны факультэт у Віленскай акадэміі. Праз некаторы час К.Сапега падараваў яму Ружанскі кнігазбор – 3 тысячы кніжак.

Зарэкамендаваў сябе Казімір Сапега як прыхільнік і абаронца рэлігіі. Пад яго кіраўніцтвам і на яго сродкі заснаваліся многія храмы і манастыры. У 1624 г. у Дзятлаве пачалося будаўніцтва мураванага касцёла, а ў 1646 г. на рыначнай плошчы мястэчка ўзняўся прыгожы і велічны касцёл Успення Багародзіцы, які захаваўся да нашых дзён. У касцёле, пад наглядам Казіміра Сапегі, пачаўся збор цікавай бібліятэкі, якая згарэла падчас пажару 1743 года ў Дзятлаве.

Казімір Сапега валодаў Дзятлавам да 1655 г. і нездоўга да сваёй смерці адпісаў мястэчка  швагру пісару Вялікага княства Літоўскага Аляксандру Гіляру Палубінскаму.

Літаратура:

 Грыцкевіч,А.П. Сапега Казімір Леў / А.П.Грыцкевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.- Мн., 2002. – Т.14. – С.169.

Сапега Казімір Леў // Памяць: гіст-дакум хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997.- С.38-39.

Сапега Казімір Леў // Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. – Дзятлава. – 2007. – С.9.