“Роднае слова – жыцця аснова”

21 лютага Казлоўшчынская гарпасялковая бібліятэка-цэнтр агульнадаступнай інфармацыі правяла рад мерапрыемстваў у рамках Дня інфармацыі “Роднае слова – жыцця аснова” (да Міжнароднага дня роднай мовы). Да мерапрыемства на вокнах бібліятэкі была аформлена выстава-заклік “Роднаму слову гучаць”. А ў бібліятэцы дзейнічала кніжная выстава “Мова – жыцця аснова”. Бібліятэкары прадставілі прысутным кнігі па гісторыі мовы, даведнікі, разнастайныя слоўнікі, а таксама публіцыстычныя артыкулы пра сучасны стан беларускай мовы, мастацкія творы адпаведнай тэматыкі. Бібліядыліжанс “Даражыць пявучым гукам кожным” пачаўся наведваннем бібліятэкі вучнямі 4 “А” класа. На працягу дня бібліятэкары расказвалі пра народныя песні, казкі, загадкі, прыказкі і прымаўкі. Праводзілі конкурсы “Падумай над казкай”, “Закончы прыказку”, “Адгадай загадку”, “Вясёлыя прыпеўкі”. Дзеці ўспаміналі скарагаворкі, лічылкі, дражнілкі, паўдзельнічалі ў народных гульнях “Залатыя вароты”, “Воўк і авечкі”, “Храбры заяц” і інш. “Любі, шануй, ведай роднае слова” – выстава-крыжаванка  была аформлена для старэйшых чытачоў з раздзеламі: “Падарожжа ў гісторыю роднага слова”, “Займальнае літаразнаўства”, “Сустрэча з казкай”, “Добрым кнігам – добры дзень”.