Радзівіл Удальрык Крыштоф

Радзівіл  Удальрык Крыштоф

(28.1.1712-21.7.1770) 

pa2Нарадзіўся ў мяст. Дзятлава Слонімскага павета, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і беларускі паэт, гісторык. Сын Мікалая Фаўстына Радзівіла. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. Служыў у войску ВКЛ, меў чын генерал-маёр (1743), генерал-лейтэнант (1748). Удальрык Крыштоф цікавіўся механікай, астраноміяй, у 1761 г. разам з афіцэрамі гарнізона ў Камянцы назіраў Венеру, якая праходзіла якраз праз сонечны дыск. Сабраў вялікую бібліятэку, ведаў шмат моў, у т.л. грэчаскую, нямецкую, французскую, італьянскую, англійскую. Пісаў вершы, перакладаў на польскую мову творы Сафокла, Карнеля, Расіні. Спрабаваў увесці ў прыдворных тэатрах беларускую мову. Валодаў маёнткамі ў Польшчы і на Украіне. Сучаснікі характарызавалі яго як здольнага, вельмі начытаннага, але схільнага да авантурызму, дзівака і фантазёра. Не разлічваючы на жаночую ўзаемнасць (сваім выглядам “палохаў жанчын”), загадваў мясцоваму мастаку намаляваць партрэт прыгожай дамы і цэлымі днямі іграў на флетравесе  “гімны ў гонар гэтага ідэалу”. Маючы пад пяцьдзесят год, ажаніўся на малодзенькай суседцы, чым выклікаў нянавісць усёй сям’і. Пад старасць Удальрык Крыштаф напісаў “даведнік” “Куншт кахання”, дзе выкарыстаў свой  “вопыт”, так і творы французскіх аўтараў. Зрэшты, некаторыя парады гучаць упаўне разумна: каб спадабацца жанчыне, трэба “трэніравацца” ў літаратуры і мастацтве, не перабольшчваць у пахвальбе, не расказваць аб “атрыманых фаворах”.

Пасля смерці Мікалая Фаўстына ў 1746 г., Дзятлава перайшло да яго сына Станіслава, які валодаў ім да 1770 г. У 1770 г. яго дачка Францішка выйшла замуж за надворнага маршалка Станіслава Солтана (1756-1836), які адкупіў Дзятлава ў свайго цесця.

Літаратура:

Пазднякоў,В.С. Радзівіл Удальрык Крыштоф / В.С.Пазднякоў // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 2001. — Т.13. – С.213.

Радзівіл Удальрык Крыштоф // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Мн.,2001. —  Т.6. —  Кн.1. —  С.62.

Радзівіл Удальрык Крыштоф // Красюк,Ф.Ф. Зецела і яго ўладары / Ф.Ф.Красюк. – Дзятлава. – 2007. – С.14.

Радзівіл Удальрык Крыштоф // Памяць: гіст-дакум хроніка Дзятлаўскага р-на.- Мн., 1997.- С.49.