“Парывы творчай душы”

5 верасня  ў чытальнай зале Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла віншавальная літаратурна-музычная вечарына  “Парывы творчай душы”   з нагоды 65-годдзя з дня нараджэння нашай зямлячкі, удзельніцы літаратурнага аб’яднання “Пралескі” і проста  цудоўнай жанчыны з чулай, паэтычнай, пяшчотнай душой Леанарды Станіславаўны  Юргілевіч. Пісаць цікавыя творы пачала Леанарда Станіславаўна ў 4-ым класе, а ў 11-м класе ў рэспубліканскім часопісе “Вожык” была надрукавана яе першая гумарэска. У 2000 годзе ў серыі “Бібліятэка “Вожыка” пабачыла свет яе першая кніга гумарэсак “Грэшная душа”. Некалькі разоў Леанарда Станіславаўна станавілася лаўрэатам часопіса “Вожык”. Была ўдзельніцай Усебеларускага фестывалю сатыры і гумару “Аўцюкі-2000”, дзе атрымала дыплом “За развіццё традыцый беларускага гумару”. Акрамя гумарэсак, з-пад пяра Леанарды Станіславаўны выходзяць і сур’ёзныя творы – апавяданні, сюжэты якіх узяты з жыцця тых людзей, што жывуць побач. У 2003 годзе выйшла кніга апавяданняў  “Восеньскае танга”. На працягу мерапрыемства гучалі толькі шчырыя словы віншаванняў ад сяброў, калег па працы, суседзяў і проста ад удзячных чытачоў.