Несцярэўскі Мікалай Лаўрэнцьевіч

Несцярэўскі Мікалай Лаўрэнцьевіч

(30.03.1931) 

nesterevskiРукі майстра  ўваскрашаюць жаданні душы, памяць аб маці, роднай зямлі, блізкіх і дарагіх сэрцу вобразах. Мікалай Лаўрэнцьевіч садзіцца каля ганчарнага круга на сваім рабочым месцы, доўга думае, прымерваецца, гладзячы рукамі халодны камяк. Хвіліна, другая, трэцяя – і загаворыць гліна пад пяшчотнымі далонямі майстра…

Па рознаму складваюцца творчыя лёсы мастакоў. Адны знаходзяць сваю дарогу адразу, з першых крокаў у самастойнае жыццё. Іншыя ж доўга блукаюць у пошуках той адзінай сцежкі, якая вывела б на прастор прызвання. Не адразу знайшоў сябе і Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі, мастак-кераміст, майстар ганчарнага круга.

Нарадзіўся Несцярэўскі ў невялічкай вёсачцы каля Беластока. Бацькі мелі 25 гектараў зямлі, большую частку з якой складала паша, і хлопчыку з самага ранняга дзяцінства даводзілася пасвіць чужых кароў. Бралі іх на сваю пашу за грошы і такім чынам зараблялі лішнюю капейку, так неабходную ў гаспадарцы.

У сем гадоў Мікалай пайшоў у школу, якая знаходзілася за некалькі кіламетраў ад вёскі. Выкладанне вялося на польскай мове. Мікалаю Лаўрэнцьевічу добра запомніліся многія польскія вершы і апавяданні, малітвы, што прымушаў адказваць ксёндз, які часта наведваў школу. Дома ж гаварылі па-беларуску, “па-простаму”, таму што бацькі лічылі сябе беларусамі, праваслаўнымі.

Калі пачалася вайна, у жыцці сям’і мала што змянілася: працавалі на зямлі, здавалі падатак ужо не польскай уладзе, а нямецкай. У 1945 годзе сям’я пераехала ў Дзятлава. Беласток застаўся пад Польшчай, і на беларусаў, хоць яны былі карэннымі жыхарамі тых мясцін, глядзелі як на ворагаў.

Шаснаццацігадовым юнаком Несцярэўскі пайшоў працаваць у арцель па вырабу мэблі “Чырвоны Кастрычнік” у Дзятлаве. Быў спачатку вучнем столяра, потым пачаў працаваць самастойна. Умеў зрабіць любую мэблю, сам ствараў эскізы, спрабаваў увасобіць іх у рэальную мадэль.

У 1953г. ў Дзятлаве адкрыўся прамкамбінат. І Мікалай перайшоў туды на работу. А ў 1955г. запрасілі працаваць інструктарам раённага Дома культуры: хлопец добра спяваў, танцаваў, іграў на розных музычных інструментах. Шмат давялося пахадзіць па раёне, выступаючы з канцэртамі. Несцярэўскі арганізаваў свой аркестр, доўга кіраваў ім, іграў на трубе. Некаторы час у Дзятлаўскім Доме піянераў дзейнічаў лялечны тэатр. Пятрушачныя лялькі намаляваў і зрабіў Мікалай Лаўрэнцьевіч Несцярэўскі. Удалося паставіць некалькі спектакляў, сярод якіх “Казка пра папа і яго работніка Балду” А.С.Пушкіна.

Працуючы ў доме культуры, завочна скончыў Гродзенскае культасветвучылішча і перайшоў у арцель “Прагрэс” у якасці мастака-афарміцеля. Крыху пазней працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў СШ № 1 у Дзятлаве.

Прызванне мастака закінула Несцярэўскага ў Івянец, на фабрыку мастацкай керамікі і вышыўкі, дзе яму пашчасціла пераняць у вядомых майстроў цудоўнае і старажытнае ганчарнае майстэрства. Адсюль паступіў у Маскоўскі тэхналагічны інстытут на мастацкае аддзяленне. Правучыўшыся тры гады ў Маскве, перавёўся ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на вячэрняе аддзяленне па спецыяльнасці дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Пераехаў у Мінск. Каб атрымаць прапіску, пайшоў на будоўлю. Пасля заканчэння інстытута трапіў на Мінскі мастацка-вытворчы камбінат у якасці мастака-кераміста.

Мастацтва керамікі стала для Мікалая Лаўрэнцьевіча сэнсам жыцця. Тут ён знайшоў сябе, свой мастацкі стыль. Творы М.Несцярэўскага падарожнічалі на многія выставы, іх фатаграфавалі для часопісаў і кніг. Вырабы мастака аздобілі інтэр’еры многіх будынкаў Мінска, Валгаграда, Гродна, іншых гарадоў. Мінчанам добра вядома кафэ “Бульбяная” на праспекце Незалежнасці (Ф.Скарыны). Уся кераміка тут выканана М.Несцярэўскім. Мікалай Лаўрэнцьевіч – адзін з аўтараў дэкаратыўных керамічных пластоў, якія ўпрыгожваюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа” ў Мінску. Ён займаўся афармленнем магазіна “Мінск” у Валгаградзе, кафэ ў Светлагорску і Салігорску. Працаваў над афармленнем будынка аэропорта “Мінск – 2”. Сцены Гродзенскага тэатра лялек, дзятлаўскай гімназіі таксама ўпрыгожаны творамі  М.Несцярэўскага.

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі экспануецца калекцыя мастацкай керамікі М.Несцярэўскага (каля 70 работ). Гэта керамічны посуд і пано, дэкаратыўныя скульптуры і пласты. Ураджвае, як кавалак простай гліны ў вопытных таленавітых руках мастака-кераміста ператварыўся ў прыгожую фігурку народнага музыканта альбо ў фантастычную птушку. ”Мне надзвычай прыемна, што шэраг маіх работ застанецца ў Дзятлаве, блізкім майму сэрцу горадзе, горадзе майго юнацтва. Няхай дотык да прыгожага сцвярджае лепшае ў людзях, няхай радуе іх”, — сказаў Мікалай Лаўрэнцьевіч пры перадачы сваіх твораў у музей. Звыш 60 работ мастак перадаў музею бясплатна. Такі ён, гэты чалавек, чалавек шчодрай душы і вялікага таленту.

М.Л.Несцярэўскі – вядомы ў Беларусі мастак-кераміст, член саюза мастакоў СССР.

 Сёння Мікалай Лаўрэнцьевіч у росквіце творчых сіл. А гэта дае падставу шматлікім прыхільнікам чакаць ад яго новых цікавых твораў.

Літаратура:

Несцярэўскі Мікалай Лаўрэнцьевіч, беларускі мастак // Памяць: гіст. – дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна.- Мн., 1997. —  С.343-344.

Несцярэўскі     Мікалай       Лаўрэнцьевіч     (н.  30.03.1931 г., в.Бацюты Падляскага ваяводсва, Польшча ), беларускі мастак // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. —  Т.11. —  Мн., 2000. —  С.300.

Палховіч,Т. Талент рук і душы (да 75 – годдзя з дня нараджэння мастака-кераміста М.Л.Несцярэўскага) / Т.Палховіч // Перамога.- 2006. — 1 красавіка.- С.2.