Навінкі дзіцячай літаратуры

1 002Зарэмба, М. М. Здань у храме святой наіўнасці: аповесці: для сярэд. і ст. шк. узросту/ Міхась Зарэмба. — Мінск: Маст. літ., 2011. — 271 с. (Школьная бібліятэка).

Аповесць выдатнага беларускага пісьменніка Міхася Зарэмбы «Здань у храме святой наіўнасці», што дала назву гэтай кнізе, сваім шчырым, спавядальным зместам адрасавана падлеткам. У ёй аўтар распавядае пра таямніцу з’яўлення цнатлівага і чароўнага пачуцця, імя якому — Каханне. А ў аповесці «Дзень магнітнай буры» ўзнімаюцца балючыя пытанні выхавання ў сям’і, расказваецца пра складаныя ўзаемаадносіны паміж дзецьмі і бацькамі. Чытача не могуць не ўсхваляваць перажыванні і пакуты трынаццацігадовай Веры Ластаўкі, для якой дзень магнітнай буры стаў трагічным днём…


1 004Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца: аповесці: для дзяцей сярэд. шк. узросту / уклад. М.Н. Мінзер. — 2-е выд. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. — 176 с.: іл. — (Пераходны ўзрост).

Аповесць Алеся Бадака «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца» ўздымае праблемы няпростых адносін паміж старшакласнікамі і маладой настаўніцай. У творы дзве сюжэтныя лініі, аб’яднаныя тэмай першага кахання.

У аповесці Алеся Наварыча «Пакланюся Перуну, памалюся Вялесу…» манах, закансерваваны ў дупле з мёдам, ажывае і праз тысячу гадоў з’яўляецца ў нашым часе. Гэта — фантастыка, якую Алесь Наварыч робіць вельмі жыццёвай і рэальнай.


1Сіпакоў, І.Д. Двое на вуліцы: выбранае / Янка Сіпакоў; уклад. Віктара Шніпа. — Мінск: Маст. літ., 2011. — 543 с. — (Беларуская проза ХХ стагоддзя).

У кнігу ўключаны найлепшыя празаічныя творы Янкі Сіпакова. Аўтар, прызнаны майстар беларускай прозы, умее заўважаць у жыцці найбольш значнае, самае характэрнае, паказаць унутраны свет і лёс чалавека ў розных псіхалагічных калізіях.


1 001

Гапееў, В.М. Урокі першага кахання: аповесці: для ст. шк. узросту / Валерый Гапееў. — 2-е выд. — Мінск: Літаратура і Мастацтва, 2011. — 192 с. — (Пераходны ўзрост).

У цэнтры кнігі — сучасныя падлеткі. Характары герояў раскрываюцца ў аповесцях праз сацыяльныя, маральныя, этычныя праблемы і пытанні росту.