Літаратурны каляндар

Май
1
Вт
2018
75 гадоў з дня нараджэння Крыгі Алеся
Май 1 весь день

1 мая спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Крыгі Алеся (сапр. Асіпенка Аляксандр Аляксандравіч), беларускага пісьменніка

Крыга Алесь (сапр. Асіпенка Аляксандар), нарадзіўся 01.05.1943 г. у горадзе Мінску ў сям’і пісьменніка.

Пасля заканчэння дзесяцігодкі (1960) працаваў на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній фрэзероўшчыкам. Вучыўся на вячэрнім, потым на завочным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скончыў у 1989). У 1962-1966 гг. служыў на Ваенна-Марскім Флоце. З 1967 г. — літсупрацоўнік рэдакцый рэспубліканскіх газет «Чырвоная змена», «Физкультурник Белоруссии», «Піянер Беларусі». У 1971-1972 гг. плаваў матросам траўлера на Поўначы. З 1972 г. — літсупрацоўнік іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» Брэсцкай вобласці, у 1989-1990 гг. — загадчык аддзела пісьмаў брагінскай раённай газеты «Маяк Палесся». З 1990 г. — стыльрэдактар газеты «Вячэрні Мінск». Сябра СП СССР з 1975 г.

Першую аповесць «Я вернусь к тебе, море!» апублікаваў у 1965 г. (газета «На страже Заполярья»). Аўтар аповесцей «Паўночны фарватэр» (1971), «Порт прызначэння» (1974), «Чайкі над полем» (часопіс «Маладосць», 1978), «Марзянка для нелюбімых» (аповесць і апавяданні, 1988), кнігі для дзяцей «Медзведзяня шукае сяброў» (1987), мастацка-публіцыстычнай кнігі «Выбух над Прыпяццю» (часопіс «Полымя», 1990).

Май
3
Чт
2018
100 гадоў з дня нараджэння Папова Георгія Лявонцьевіча
Май 3 весь день

3 мая спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Папова Георгія Лявонцьевіча, беларускага пісьменніка, заслужанага работніка культуры Беларусі 

Папоў Георгій, нарадзіўся 03.05.1918 г. у вёсцы Прыганка Круціхінскага раёна Алтайскага краю (Расія) у сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння Анжэра-Суджанскай фельчарскай школы (Кемераўская вобласць, 1938) працаваў загадчыкам Патрушэўскага медпункта. Праз паўтара года заняўся журналістыкай — стаў загадваць аддзелам культуры і быту ў газеце «Борьба за уголь» (Анжэра-Суджанск). Адначасова вучыўся завочна ў Новасібірскім педагагічным інстытуце (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны — ваенны медык на Калінінскім, Заходнім, Цэнтральным, 1-м і 4-м Украінскіх франтах. З 1946 г. — ваенны журналіст, з 1950 г. — у газеце Беларускай ваеннай акругі «Во славу Родины» (Мінск). У 1956-1959 гг. — супрацоўнік рэспубліканскай газеты «Калгасная праўда». З 1959 г. — адказны сакратар, у 1966-1978 гг. — намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Неман».

Сябра СП СССР з 1959 г.

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1977).

Памёр 09.08.1995 г.

Літаратурную працу пачаў у 1938 г. У беларускім друку першае апавяданне апублікаваў у 1952 г. (альманах «Советская Отчизна»). Піша на рускай мове. Першы зборнік апавяданняў «В родном полку» выйшаў у 1956 г. у Маскве. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Половодье» (1958), «Клок сена» (1965), «Гуси-лебеди» (1968), «За тридевять планет» (1976, перапрацаванае выданне ў 1990), «Поездка в Тростёну» (1977), «Память» (1978), «Низкий поклон» (1981), «Первое лето» (1985), «На том, на волжском берегу» (1986), «На дороге» (1989).

Пераклаў на рускую мову паасобныя празаічныя творы Я.Коласа, З.Бядулі, Б.Мікуліча, А.Алешкі, Я.Брыля, А.Савіцкага, Л.Гаўрылкіна і інш., вершы М.Багдановіча.

Май
6
Вс
2018
85 гадоў з дня нараджэння Свіркі Юрася
Май 6 весь день

6 мая спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Свіркі Юрася (Юрыя Мікалаевіча) (1933 – 2004), беларускага паэта і перакладчыка 

Свірка Юрась, нарадзіўся 06.05.1933 г. у вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і.

Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў у часопісе «Коммунист Белоруссии» (1959), газеце «Чырвоная змена» (1960-1961), на Беларускім радыё (1961-1975). З 1975 г. — загадчык аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». Сябра СП СССР з 1961 г.

Узнагароджаны медалём.

Першыя вершы апублікаваў у 1953 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Шэпчуцца ліўні» (1959), «Вечнасць» (1963), «Баравіна» (1967), «Крэўнасць» (1971), «Аўтограф» (1974), «Люблю і веру» (1975), «Памятная вярста» (1978), «Біяграфія памяці» (1981), «Ядранасць» (1983), «Паўшар’е блакіту» (1986), «Кружка з пясчаным дном» (1990).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А.Пушкіна, А.Фета, Ф.Цютчава, Б.Пастарнака, А.Твардоўскага, М.Ціханава, М.Браўна, Я.Смелякова, М.Луконіна, М.Дудзіна, А.Жыгуліна, вершы ўкраінскіх, малдаўскіх, грузінскіх, азербайджанскіх, армянскіх, узбекскіх, татарскіх, асецінскіх, чувашскіх паэтаў.

Май
10
Чт
2018
135 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра
Май 10 весь день

10 мая спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння Янкі Маўра (І.М.Фёдараў), беларускага пісьменніка, перакладчыка, аднаго з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры

Маўр Янка (сапр. Фёдараў Іван), нарадзіўся 10.05.1883 г. у горадзе Лібава (цяпер горад Ліепая, Латвія) у сям’і сталяра.

Дзяцінства правёў на радзіме маці — у вёсцы Лебянішкі Ковенскай губерні (цяпер Латвія). Скончыў пачатковую, затым Ковенскае рамеснае вучылішча. У 1899 г. паступіў у Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Быў выключаны за ўдзел у гуртку рэвалюцыйнай моладзі. У 1903 г. здаў экстэрнам экзамен і атрымаў званне настаўніка пачатковай школы. Працаваў памочнікам настаўніка ў Новым Месцы (Латвія), у вёсцы Бытча на Барысаўшчыне. У 1906 г. удзельнічаў у нелегальным з’ездзе рэвалюцыйна настроеных настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына. Разам з Якубам Коласам і іншымі актыўнымі ўдзельнікамі быў аддадзены пад суд, пазбаўлены права выкладаць у школе і ўзяты пад нагляд паліцыі. Толькі ў 1911 г. удалося ўладкавацца выкладчыкам геаграфіі і гісторыі ў Мінскую прыватную гандлёвую школу. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у школе, у Рэспубліканскім саюзе работнікаў асветы, у Наркамаце асветы БССР, у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. З 1930 г. быў на творчай працы. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.

Заслужаны дзеяч культуры БССР (1968).

Памёр 03.08.1971 г.

У 1923 г. у газеце «Савецкая Беларусь» і ленінградскім часопісе «Бегемот» друкаваў фельетоны. З першым апавяданнем выступіў у друку ў 1926 г. (часопіс «Беларускі піянер»). Аўтар кніг аповесцей, апавяданняў «Чалавек ідзе» (1927), «У краіне райскай птушкі» (1928, 1983), «Сын вады» (1928), «Палескія рабінзоны» (1930, аповесць экранізавана ў 1935), «Слезы Тубі» (1930), «Аповесць будучых дзён» (1932), «ТВТ» (1934), «Вакол свету» (1947), «Шлях з цемры» (1948), «Апавяданні» (1951), «Аповесці і апавяданні» (выбранае, 1954), «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (часопіс «Маладосць», 1954-1955), «Аповесці і апавяданні» (1969), апавядання «Цётка Эмілія» (1954), байкі «Пекла» (1929), рамана «Амок» (1930). У 1952 г. выйшлі Выбраныя творы, у 1960 г. — Збор твораў у 2-х, у 1975-1976 гг. — у 4 тамах.

Аўтар п’есы «Памылка» (апублікавана і пастаўлена ў 1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946).

Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Г.К.Андэрсена, Д.Маміна-Сібірака, М.Прышвіна, А.Чэхава, Р.Кіплінга, М.Твэна, Ж.Верна, В.Гюго, А.Гайдара, В.Шклоўскага, А.Конанава.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (пасмяротна, 1972) за аповесці «Чалавек ідзе», «У краіне райскай птушкі», «Сын вады», «Палескія рабінзоны», «ТВТ», «Шлях з цемры», раман «Амок».

Май
25
Пт
2018
75 гадоў з дня нараджэння Федзюковіча Міколы
Май 25 весь день

25  мая спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння Федзюковіча Міколы (Мікалая Мікалаевіча), беларускага паэта, перакладчыка

Федзюковіч Мікола, нарадзіўся 22.05.1943 г. у вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы (1960) працаваў літсупрацоўнікам драгічынскай раённай газеты «Чырвоная зорка», фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраённай газеты «Ленінскі шлях» на Брэсчыне. У 1962-1965 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1970 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. З 1970 г. быў рэдактарам у выдавецтве «Народная асвета», з 1971 г. — літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Чырвоная змена», у 1975-1976 гг. — рэдактарам у рэдакцыі часопіса «Служба быту Беларусі», у 1979-1983 гг. — зноў у «Чырвонай змене». Сябра СП СССР з 1972 г.

Першыя вершы апублікаваў у 1962 г. (міжраённая газета «Ленінскі шлях»). Аўтар зборнікаў вершаў «Зямля-магніт» (1968), «Мілавіца» (1971), «Птушыны грай» (1976), «Макаў цвет» (1979).

80 гадоў з дня нараджэння Карызны Уладзіміра Іванавіча
Май 25 весь день

25 мая спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння Карызны Уладзіміра Іванавіча, беларускага паэта

Карызна Уладзімір, нарадзіўся 25.05.1938 г. у вёсцы Закружка Мінскага раёна ў сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961) працаваў выкладчыкам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Опсаўскай сярэдняй школе на Браслаўшчыне, у гэты час узначальваў літаратурнае аб’яднанне пры раённай газеце «Браслаўская звязда». З 1967 г. — рэдактар, старшы рэдактар, загадчык аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё, з 1980 г. — рэдактар аддзела навукі і мастацтва часопіса «Полымя», з 1981 г. — старшы рэдактар, загадчык рэдакцыі выдавецтва «Юнацтва». Сябра СП СССР з 1970 г.

Першы верш надрукаваў у 1956 г. (газета «Чырвоная змена»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (вершы і паэма, 1972), «Цеплыня» (паэма, вершы, песні, 1977), «Цішыня баразны» (вершы і паэма, 1981), «Шумяць вербы» (вершы, песні, 1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (вершы, паэмы, песні, 1988), кніжкі вершаў для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Малююць дзеці» (з А.Вольскім, 1984), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка для ўсіх» (1990).

Больш за сотню вершаў пакладзена на музыку. Выдадзены зборнікі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990).

Пераклаў зборнік вершаў А.Матуціса «Мамін пірог» (1986), шматлікія вершы дзіцячых пісьменнікаў для серыі «Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР».

Май
31
Чт
2018
70 гадоў з дня нараджэння Святланы Алексіевіч
Май 31 весь день

31 мая спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння Святланы Алексіевіч, беларускай пісьменніцы, лаўрэата Нобелеўскай прэміі

Алексіевіч Святлана, нарадзілася 31.05.1948 г. у горадзе Івана-Франкоўску (Украіна) у сям’і ваеннаслужачага.

Пасля заканчэння Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна (1965) працавала выхавацелькай Асавецкай школы-інтэрната, а затым настаўніцай гісторыі і нямецкай мовы Белажэвіцкай сямігадовай школы Мазырскага раёна. У 1966 г. працавала ў нараўлянскай раённай газеце «Прыпяцкая праўда». У 1972 г. скончыла аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Накіравана ў бярозаўскую раённую газету «Маяк камунізма». У 1973-1976 гг. працавала ў рэспубліканскай «Сельской газете», у 1976-1984 гг. — загадчык аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Неман».

Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1983 г.

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны».

Літаратурную дзейнасць пачала ў 1975 г. Піша на рускай і беларускай мовах. У перыядычным друку выступае з нарысамі. Аўтар дакументальных кніг «У войны — не женское лицо» (1985), «Апошнія сведкі» (1985), «Цинковые мальчики» (часопіс «Дружба народов», 1990). Паводле кнігі «У войны — не женское лицо» напісала п’есу (пастаўлена ў 1985 г. у многіх тэатрах краіны і за мяжой) і сцэнарыі аднайменнага цыкла дакументальных фільмаў (1983, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР у 1985 г. і «Сярэбраным голубам» на міжнародным кінафестывалі ў Лейпцыгу), дакументальных стужак «Бацькоўскі дом», «Партрэт з вяргіняй», «Гэтыя незразумелыя старыя людзі» і інш. (усяго пятнаццаць фільмаў). Аўтар п’есы «Марутка» (пастаўлена ў 1988).

Лаўрэат літаратурных прэмій СП СССР імя М.Астроўскага (1984), імя К.Федзіна (1985) і прэміі Ленінскага камсамола (1986) за кнігі «У войны — не женское лицо» і «Апошнія сведкі». Лаўрэат прэміі Курта Тухольскага (1996), прэміі «Трыумф» (Расія, 1997), Ляйпцыгскай кніжнай прэміі (1999), прэміі Гердэра (1999), прэміі Рэмарка (2001), Нацыянальнай прэміі крытыкі (ЗША, 2006). У 2011 годзе атрымала ў  Польшчы  прэмію імя Рышарда Капусцінскага і прэмію Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «Ангелус». У 2013 годзе стала лаўрэатам  Міжнароднай прэміі міру нямецкіх кнігагандляроў, цырымонія ўзнагароджання адбылася 13 кастрычніка ў рамках Франкфурцкага кніжнага кірмаша. Афіцэр Ордэна мастацтваў і літаратуры Францыі (2014) Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015 г.) «за шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час».