Канус Іван Іванавіч

Канус Іван Іванавіч

(02.05.1934) 

koНарадзіўся ў в.Рыбалава Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Беларускі вучоны, доктар медыцынскіх навук (1990), прафесар (1991). Скончыўшы 7 класаў Дзятлаўскай сярэдняй школы №1, ён паступіў у Баранавіцкую фельчарска-акушэрскую школу. У 1953-1957гг.– тэрміновая служба на караблях Балтыйскага і Паўночнага флатоў. Пасля дэмабілізацыі працаваў лячэбным інспектарам Дзятлаўскага райздраўаддзела і адначасова фельчарам Цэнтральнай раённай бальніцы. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Гродзенскім медыцынскім інстытуце.

Пасля заканчэння ВНУ працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце анкалогіі і медыцынскай радыялогіі. Разам з клінічнай працай І.І.Канус праводзіў навуковыя даследаванні аб уплыве розных доз апраменьвання на ход наркозу і пасляаперацыйнага перыяду ў анкалагічных хворых. Па выніках даследаванняў апублікаваў каля 50 артыкулаў. У 1978г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1982 г. выбраны асістэнтам кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў. Займаўся распрацоўкай комплекснай інтэнсіўнай тэрапіі хворым з вострай ныркавай недастатковасцю рознай этыялогіі.

У 1990г. у Ленінградскай ваенна-медыцынскай акадэміі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму “Інтэграцыя і дыферэнцыяцыя інтэнсіўнай тэрапіі хворых з вострай ныркавай недастатковасцю рознай этыялогіі”. У гэтым годзе быў выбраны загадчыкам кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў і прызначаны галоўным анестэзіёлагам-рэаніматолагам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. У снежні 1991г. на ІІ з’ездзе анестэзіёлагаў РБ быў выбраны прэзідэнтам асацыяцыі анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Апублікаваў звыш 150 навуковых прац. Найбольшую цікавасць уяўляе манаграфія “Асновы анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі ў пытаннях, задачах і адказах”. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана камп’ютэрная сістэма па анестэзіялогіі, рэаніматалогіі і інтэнсіўнай тэрапіі, якая дазваляе на сучасным узроўні весці навучальны працэс і атэстацыю спецыялістаў.

Літаратура:

Бараноўскі,П.М. Канус Іван Іванавіч / П.М.Бараноўскі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Дзятлаўскага р-на. — Мн.,1997. — С.342.

Канус Іван Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мн., 1999. – Т.8. – С.9.