Ісраэль Меір

Ісраэль Меір

(1838-1934)

Ісраэль Меір нарадзіўся, як лічаць, у 1838 годзе (а, па яўрэйскім календары ў 5598), у беларускім мястэчку Дзятлава (па-яўрэйску — Жотл) у сям’і рабіна Ар’е Зеева — выпускніка Валожынскай ёшывы (сярэдняй іўдзейскай навучальнай установы). Яго бацька большую частку свайго дарослага жыцця выкладаў у віленскім аддзяленні Валожынскай ёшывы і вучыў дзяцей заможных гараджан-віленчукоў. Яго малы сын напачатку займаўся ў хедэры (пачатковай іўдзейскай навучальнай установе).

Неўзабаве настаўнікі Ісраэля Меіра, здзіўленыя ведамі пачаткоўца, бліскучай памяццю і прагай да вучобы параілі бацьку забраць хлапчука ў Вільню, каб ён змог там вучыцца ў найлепшых выкладчыкаў Торы (першая частка Танаха, або інакш — пяць свяшчэнных кніг), а, магчыма, і ў асяроддзі вучоных. І сапраўды, дэманстрацыя ведаў і здольнасцяў 9-гадовага хлапчука перад найбольш знакамітымі віленскімі знатакамі Торы ўразіла апошніх і прывяла да таго, што яго, па-першае, пакінулі ў Вільні, а, па-другое, дазволілі займацца ў класе з найздольнейшымі падлеткамі, значна старэйшымі за малога вучня.

Ужо ў адзінаццацігадовым узросце Ісраэля Меіра запрашалі да ўдзелу ў дыскусіях разам з найбольш падрыхтаванымі дарослымі талмудыстамі (ад Талмуда — адной з дзвюх галоўных рэлігійных кніг іўдзеяў; назва пайшла ад старажытна-яўрэйскага «лаймед» — вучэнне).

У 1849 годзе бацька памёр ад халеры. Праз некалькі гадоў маці Ісраэля Меіра Дабруша ў другі раз выйшла замуж і разам з сынам пераехала ў Радунь (па-яўрэйску Радзін, сучасны Воранаўскі раён).

Тут ён у 17 гадоў стаў мужам дачкі свайго айчыма. Большую частку часу новы радунскі жыхар праводзіў у Доме вучэння, кіруючыся пры гэтым трыма правіламі: чалавек павінен лічыць, што жыць на свеце яму застаўся толькі адзін дзень, што зас-талося спасцігнуць толькі адну главу Мішны (літаральна — «паўтарэнне закона», першая частка Талмуда, пісьмова зафіксаваная ў 2010 годзе нашай эры) або ліст Гемары (другая частка Талмуда, збор тлумачэнняў Мішны) і, што няма на свеце нікога, акрамя Бога благаславеннага.

Трэба адзначыць, што дзяцінства і юнацтва будучага вучонага прайшло ў вёльмі цяжкіх матэрыяльных абставінах. I толькі праз 5 гадоў пасля ўласнага вяселля ён атрымаў у спадчыну ад цёткі 150 рублёў. На гэтыя грошы маладая сям’я адкрыла ў Радуні ўласную бакалейную краму, якая хутка набыла вялікую папулярнасць сярод мясцовых жыхароў па той прычыне, што ў ёй ніколі не дапускаліся выпадкі падману пакупнікоў. Праўда, у 40-гадовым узросце гаспадар гэтай крамы палічыў неабходным закрыць яе таму, што абсалютная большасць насельнікаў, як самой Радуні, так і навакольных вёсак набывалі тавары толькі ў ёй, што, безумоўна, не спрыяла гандлю ў суседніх крамах. 3 таго часу вучоны жыў за кошт продажу ўласных кніг. Першая з іх, як і ўсе астатнія, мела прыкладное значэнне. Заўважыўшы, як сярод яўрэяў распаўсюдзілася зламоўе і паклёпы, ён палічыў неабходным паказаць усю іх брыдкасць і растлумачыць, што і як дазволена гаварыць згодна Торы. Таму рабін Ісраэль Меір напісаў сваю першую кнігу «Прагнучы жыцця» і ананімна надрукаваў яе ў 1873 годзе.

Гэтая кніга праславіла аўтара ва ўсім яўрэйскім свеце і, больш таго, яго сталі называць па назве кнігі — Хафец Хаім, а ўласнае імя амаль забылася. Першы вялікі поспех падштурхнуў мараліста да напісання іншых твораў, колькасць якіх склала больш, чым два дзесяткі. Усе яны, на першы погляд, адрасаваліся канкрэтнаму чытачу, але на самой справе арганічна і на прыярытэтных пачатках увайшлі ў скарбонку яўрэйскага закона і этыкі. Напрыклад, у кнізе «Любоў да міласэрнасці» вучоны даваў парады, якія тычыліся міласціны, беспрацэнтных пазыкаў і сумленнасці ў дзелавых адносінах; у кнізе “Стан Ісраэля” – пісаў аб законах для яўрэйсіх салдат, якія служылі ў царскім войску; у “Сцяне Веры” – аб правілах для гаспадароў, якім не ставала часу для заняткаў Торай.

На схіле гадоў ён накіраваў свае намаганні на вывучэнне і фармалізацыю законаў аб Святым Храме, вынікам чаго сталі трактаты «Зборнік законаў» і «Сход старэйшын».

Працы Хафеца Хаіма — не абстрактныя разважанні і не фармалізаваныя даследаванні, а жывыя веды і непасрэдныя пачуцці, якія ён даносіў да чытачоў у форме прытчаў і павучэнняў, напаўняючы апошнія яркімі вобразамі і глыбокім сэнсам

Яго кнігі неаднойчы перавыдаваліся і былі пераведзены на ўсе мовы, якімі карыстаюцца яўрэі. Выйшлі з друку яго прытчы і на рускай мове: «Открою уста свои в притче”.

Другой, вельмі яркай іпастассю рабіна Ісраэля Меіра, стала выкладчыцкая дзейнасць. У 1869 годзе ён адкрыў у Радуні ўласную ёшыву для дарослых студэнтаў. Пазней статус гэтай навучальнай установы пачаў расцэньвацца сучаснікамі на ўзроўні акадэміі.

Ешыва неўзабаве пасля ўзнікнення атрымала назву «Йешыват Хафец Хаім». Яна дзейнічала на працягу шасцідзесяці гадоў і служыла непераўзыдзеным узорам для яўрэйскага свету.

Усе гэтыя гады рабін Ісраэль Хаім двойчы на тыдзень размаўляў з вучнямі аб яўрэйскай этыцы. Яго прамовы ніколі не былі рытарычнымі, у агульнай размове аб Торы і аб служэнні Творцу ён заўсёды меў на ўвазе самога сябе.

Паказальным з’яўляецца такі выпадак: аднойчы ва ўрочны час ён прыйшоў у ёшыву, але калі вакол яго сабраліся вучні, паведаміў, што гутарка сёння не адбудзецца. Ён растлумачыў, што ўвесь дзень быў заняты карэктурай прыйшоўшага з друкарні тома Мішна Брура і таму не змог як трэба падрыхтавацца да заняткаў. 3 яго вуснаў тады прагучала: «Як я магу разважаць пра этыку перад такім святым сходам, калі сам цэлы дзень не вучыўся”.

Увесь гэты час Хафец Хаім працягваў пісаць кнігі і распаўсюджваць іх сярод яўрэяў Расіі. Ен прыняў актыўны ўдзел у стварэнні сістэмы яўрэйскай адукацыі ў краіне, у асноўным сярод шматлікіх бежанцаў.

3 перамогай лютаўскай рэвалюцыі пачалі фарміравацца яўрэйскія арганізацыі новага тыпу. Рабін Хафец Хаім актыўна ўдзельнічаў у падрыхтоўцы  першага яўрэйскага Савета і выставіў сваю кандыдатуру на выбары. Атрымаўшы на іх абсалютную перамогу, адкрыў першы «Вялікі сход» і стаў на чале «Савета мудрацоў Торы»

Пасля кастрычніцкіх падзеяў 1917 года Хафец Хаім перавёў ёшыву ў Чарнігаўскую вобласць, аднак весці там паўнацэннае рэлігійнае жыццё практычна было немагчыма. Новыя ўлады перашкаджалі вывучэнню Торы, рабілі немагчымым выкананне суботы.

3 вялікімі цяжкасцямі яму ўдалося дабіцца права на вяртанне ёшывы ў Радунь.

У пачатку 20-х гадоў XX стагоддзя большасць ёшываў Беларусі  і Польшчы перажывалі глыбокі крызіс з-за недахопу грашовых сродкаў. У 1924 годзе Хафец Хаім сумесна з рабінам Вільні Хаімам Озерам аб’явіў аб стварэнні цэнтралізаванага фінансавага камітэта. Летам таго ж года ў вялікай сінагозе Вільні адбыўся сход рабінаў і кіраўнікоў ёшываў, які звярнуўся да ўсяго яўрэйскага насельніцтва з просьбай аб спрыянні дзейнасці ёшываў.

Гэтая ініцыятыва знайшла жывы водгук сярод яўрэяў Літвы, Беларусі, Польшчы,  дзякуючы чаму існуючыя ёшывы былі выратаваны і, больш за тое, узнікла шмат новых невялікіх ёшываў.

Да канца сваіх дзён Хафец Хаім заставаўся кіраўніком яўрэйскіх мудрацоў Польшчы і Беларусі, настаўнікам і апекуном многіх тысяч вучняў.

У 1934 года жыццёвы шлях Ісраэля Меіры завяршыўся.

Літаратура:

Руль,У. Вялікі яўрэйскі філосаф з Дзятлава / У.Руль // Перамога. – 2009. – 1 красавіка. – С.2.