Дзятлаўшчына

Karta Dyatlovo

Націсніце на карту для павелічэння

 

Дзятлаўскі раён — раён у складзе Гродзенскай вобласці. Утвораны 15 студзеня 1940 года. Плошча раёна складае 1,5 тыс. км².  Адміністрацыйны цэнтр — горад Дзятлава. Усяго налічваецца 227 населеных пунктаў, з іх 223 — сельскія.

З гісторыі

Пасля вызвалення заходняй Беларусі ў верасні 1939 года 15 студзеня 1940 года быў утвораны Дзятлаўскі раён у складзе Баранавіцкай вобласці з раённым адміністрацыйным цэнтрам у гарадскім пасёлку Дзятлава. Колькасць насельніцтва пасёлка на той час складала 8,3 тысячы чалавек.

Затым была Вялікая Айчынная вайна. Дзятлаўскі раён быў адноўлены пасля вызвалення тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Па просьбе кіраўнікоў раёна з 17 сакавіка 1945 года раённы цэнтр на два гады быў перанесены з Дзятлава ў Наваельню з ранейшым найменаваннем раёна.

З 8 студзеня 1954 года раён перададзены ў склад Гродзенскай вобласці. 25 снежня 1962 г. Дзятлаўскі раён быў расфармаваны  і падзелены паміж Лідскім, Слонімскім і Наваградскім раёнамі. Аднак ужо 6 студзеня 1965 г. ізноў абвешчаны раёнам. У сакавіку 1965 года Дзятлава ізноў стала раённым цэнтрам.

У 1982 годзе ў Дзятлаўскі раён уваходзіла 248 паселішчаў, 3 гарадскія пасёлкі, 16 хутароў. Паводле кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён”, у складзе Дзятлаўскага раёна ў канцы ХХ стагоддзя меліся 227 паселішчаў.

Прырода

Тэрыторыя раёна знаходзіцца ў межах Верхнянёманскай нізіны на поўначы і захадзе, на ўсходзе — каля падножжа Навагрудскага ўзвышша. Рэльеф — узгорыста-раўнінны. Пераважае вышыня 140-200 метраў над узроўнем мора. Самы высокі пункт — 283 метры (на паўночны ўсход ад горада Дзятлава).

Карысныя выкапні: торф, пясчана-гравійны матэрыял, будаўнічыя пяскі, мел, гліны, сапрапелі, радонавыя воды.

Сярэдняя тэмпература студзеня -6,1 градуса па шкале Цэльсія, ліпеня 17,6 градуса па шкале Цэльсія. Ападкаў выпадае 620 мм у год. Вегетацыйны перыяд — 193 сутак.

Працякае рака Нёман з прытокамі Моўчадзь (на ёй Гезгалаўскае вадасховішча) з Дзятлаўкай, Шчара з Пад’яваркай. Лясы пераважна хваёвыя, займаюць 42 % тэрыторыі раёна. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя. Агульная плошча сельгасугоддзяў складае 66,1 тыс. га, з іх асушаных 14,6 тыс. га.

Насельніцтва

Насельніцтва раёна — 25,3 тыс. чалавек. Сярэдняя шчыльнасць — 19 чалавекі на 1 кв.км. Цэнтр раёна — горад Дзятлава. У складзе раёна гарадскія пасёлкі Казлоўшчына і Наваельня, пасёлак Гезгалы, 223 сельскія населеныя пункты, 10 сельсаветаў: Вензавецкі, Войневіцкі, Данілавіцкі, Дварэцкі, Дзятлаўскі, Жукоўшчынскі, Казлоўшчынскі, Наваельнянскі, Мяляхавіцкі, Парэцкі.