Дамейка Ігнат

Дамейка Ігнат

(1802 – 1889) 

DomeykoІгнат Іпалітавіч Дамейка – вучоны, даследчык, геолаг – нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка Навагрудскага павета Мінскай губерні ў 1802г. У 1812г. вучыўся ў манастырскай школе ў Шчучыне. У 1816 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага універсітэта, дзе поруч з прыродазнаўствам вывучаў гісторыю, літаратуру. Ва універсітэце разам са сваімі землякамі А.Міцкевічам і Я.Чачотам прымаў удзел у тайным таварыстве філаматаў, асноўнымі лозунгамі якога былі: айчына, навука, дабрачыннасць.

У 1812 г. атрымаў ступень магістра філасофіі. Восенню 1823 г. І.Дамейка разам з іншымі ўдзельнікамі патрыятычна-дэмакратычнага руху арыштаваны і пасля заканчэння следства высланы з Вільні пад нагляд паліцыі ў вёску на Лідчыне, а потым у вёску Жыбуртоўшчына паблізу Дзятлава. Яму назаўсёды было забаронена паступаць на дзяржаўную службу і займацца грамадскай дзейнасцю. Жыццё ў глушы было нялёгкім і Дамейка ў сваёй гаспадарцы распачаў доследы па вырошчванні жывёлы на навуковай аснове. Дамейка прыняў актыўны ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. У Польшчы і на Беларусі, пасля паражэння паўстання разам з сябрамі вымушаны быў эмігрыраваць. У 1832 г. перайшоў граніцу непадалёку ад Круляўца і быў інтэрніраваны прускімі ўладамі. Вызваліўшыся з палону, Дамейка ў Дрэздане сустрэўся з Міцкевічам, і яны выехалі ў Францыю. У Парыжы ён вучыўся ў Вышэйшай школе горнай справы Сарбонскага ўніверсітэта, займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю, дапамагаў Міцкевічу перапісваць рукапісы паэмы “Пан Тадэвуш”. Пасля заканчэння вышэйшай горнай школы займаўся даследаваннямі. У 1837 г. ён склаў геалагічную, гідраграфічную і гаспадарчую карты зямель былой Рэчы Паспалітай, напісаў геаграфічны каментарый да іх. У 1850 г. ў Парыжы надрукаваны лепшы на той час геаграфічны атлас Польшчы. Такім чынам, Дамейку  можна лічыць заснавальнікам фізіка-геаграфічнага раянавання Польшчы, Беларусі і Літвы. У снежні 1837 г. па рэкамендацыі парыжскіх прафесараў ён прыняў прапанову чылійскага ўрада і падпісаў кантракт на пасаду выкладчыка Горнай школы ў г.Какімба на поўначы Чылі і 2 лютага 1838 г. адплыў туды. Дамейка прывёз з сабой багаж з кнігамі і абсталяваннем, за тры месяца вывучыў іспанскую мову. У Калімба ён чытаў лекцыі, займаўся вучнямі. Пасля заканчэння  кантракта  Дамейку запрасілі на працу ў сталічны горад Сант’яга з мэтай дапамогі ў правядзенні рэформы ва універсітэце, у 1847г. ён атрымаў ва ўніверсітэце кафедру хіміі, займаўся навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. У сталіцы Чылі Дамейка арганізаваў службу метэаралогіі, стварыў і рэалізаваў праект новага водаправода. Упершыню ў Лацінскай Амерыцы ён увёў ў Чылі метрычную і горную лабараторыі, тры музеі, у т.л. мінералагічны і этнаграфічны, розныя навуковыя калекцыі. Для даследавання прыродных багаццяў Чылі і пошукаў новых крыніц сыравіны ён арганізаваў навуковыя экспедыцыі ў пустыню Атакі і ў горы, вывучаў вулканы, неаднойчы перасякаў Анды і Кардыльеры.

 З гэтай жа мэтай ён пабываў ў Бразіліі, Уругваі, Перу, Аргенціне і інш. І ўзбагаціў навуку звесткамі пра новыя расліны і мінералы ў гэтых краінах, шматлікія лекавыя крыніцы. Вынікі навуковых пошукаў і адкрыццяў Дамейкі апублікаваны на розных мовах ў 130 яго надрукаваных працах, якія прынеслі яму сусветную вядомасць і славу. Яго навуковыя паведамленні абмяркоўваліся на пасяджэннях Парыжскай акадэміі навук, публікаваліся ў навуковых часопісах Езропы. Дамейка назаўсёды парадніўся з Чылі, ён быў жанаты з чылійкай, але ніколі не забываў сваю далёкую радзіму і засёды марыў пра яе. У 1884 г. разам з сынам прыязджаў у родныя мясціны, наведаў Мядзведку, Мір, Навагрудак, Крошын, пасадзіў у Крошыне дубок.

Памёр Дамейка ў 1889 г. Дзень яго пахавання быў абвешчаны днём нацыянальнай жалобы. Чылійцы высока ацанілі яго заслугі. І.Дамейка быў абвешчаны народным героем. У гонар яго быў выпушчаны памятны медаль, прызначана самая высокая ў краіне пенсія. Яго імем названы адзін з партовых гарадоў (Пуэрта-Дамейка) вулканічны ланцуг гор у Андах працягласцю каля 350 км, а таксама адкрыты ім мінерал (дамейкі) і фіялкавая кветка (віела дамейкона). У яго доме быў створаны музей, а ў Сант’яга пастаўлены помнік “Грандэ Эдукатору” (Вялікаму Асветніку).

Літаратура:

Аношка,Я. Беларусь ушаноўвае памяць Ігната Дамейкі / Я.Аношка // Полымя. – 2002. – 11 верасня. – С.1,2.

Бандарэнка,М. Чылійскі беларус Ігнат Дамейка / М.Бандарэнка // ЛіМ. – 2002. – 9 жніўня. – С.13-15.

Дамейка,І. Мае падарожжы / Ігнат Дамейка. – Мн., 2002. – 496с.

  Дамейка Ігнат // Філаматы і філарэты: зборнік. – Мн., 1998. – С.279-288.

 Дамейка Ігнат: памятка / Дзятлаўская цэнтральная раённая бібліятэка; склад. Г.В.Лашчэўская. – Дзятлава, 2007. – 5 с.

Багадзяж,М. Грандэ Эдукадор: І.Дамейка (1802-1889) / М.Багадзяж // Багадзяж, М. Сыны зямлі беларускай. – Мн.,2002.

Багадзяж, М. Грандэ Эдукадор: І.Дамейка (1802-1889) / М.Багадзяж // Народная газета. – 1997. – 6-8 верасня. – С.4.

Валодзька,У. Пра Дамейку і яго сядзібу / Уладзімір Валадзько // Краязнаўчая газета. – 2004. — №36.- С.4.

Варна,Б. Сядзіба ў Жыбартах / Б.Варна // Перамога. – 2002. – 15 красавіка. – С.2.

Жалкоўскі,А. Водгуле Дамейкі / А.Жалкоўскі // Гродзенская праўда. – 2004. – 22 мая. – С.13.

Ішчанка,С. Што збудуем на Дамейкавым падмурку / С.Ішчанка // Культура. – 2003. – 3-9 мая. – С.14.

Кудрэйка,Н. Ігнат Дамейка ў “залатой серыі / Н.Кудрэйка // Народная газета. – 2003. – 11 чэрвеня. – С.3.

Мальдзіс,А.І. Ігнат Дамейка // Мальдзіс А.І. Падарожжа ў ХІХ стагоддзе. – Мн., 1969. – С.130-138.

Марціновіч,А. Душа не падарожніца (Ігнат Дамейка) / А.Марціновіч // Марціновіч,А. Зерне да зерня: гісторыя ў асобах. – Мн.,1996. – С.202-213.

Мінін,Г. Чалавек, які збіраў камяні / Генрых Мінін // Гродзенская праўда. – 2005. – 14 чэрвеня. – С.1,2.

Мяснікоў,А. Незапатрабаваны беларус / А.Мяснікоў // Звязда. – 2002. – 17 верасня. – С.2; 18 верасня. – С.2.

Нацыянальны герой Чылі // Роднае слова. – 2002. — № 7. — С.111.

Пашкевіч,П. …Гаспадарыў бы ў Заполлі / П.Пашкевіч // Беларусь. – 1998. — № 8. – С.16-17.

Сіцька,З. Чалавек, які збіраў камяні: Ігнат Дамейка / З.Сіцько. – Мн., 2005. – 72с.

Сіцько,З. Мае падарожжы / З.Сіцько // Памяць: гістор.-дакум. хроніка Дзятлаўскага раёна. – Мн.. 1997.- С.53-54.