95 гадоў з дня нараджэння УЛАДЗІМІРА КАЛЕСНІКА

Когда:
17.09.2017 весь день
2017-09-17T00:00:00+03:00
2017-09-18T00:00:00+03:00

17 верасня спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння УЛАДЗІМІРА КАЛЕСНІКА крытыка, літаратуразнаўцы, празаіка

Калеснік Уладзімір, нарадзіўся 17.09.1922 г. у вёсцы Сіняўская Слабада Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і.

У 1936 г. паступіў у польскую Навагрудскую гімназію. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі працягваў вучобу ў Навагрудскай педагагічнай навучальні. З ліпеня 1941 г. прымаў удзел у стварэнні падпольных антыфашысцкіх арганізацый і баявых дружын у верхнім Наднямонні. Летам 1942 г. у складзе адной з баявых дружын уступіў у партызанскі атрад імя Чапаева. Дыверсійная група, у якой быў мінёрам, стала заснавальніцай новага атрада «Камсамольскі». З восені 1942 г. камандаваў узводам, праз год стаў начальнікам штаба атрада «2-гі Камсамольскі» брыгады «Камсамолец» Баранавіцкага злучэння. У 1943 г. Мірскім падпольным райкомам быў прыняты кандыдатам у сябры КП(б)Б. Скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1949), аспірантуру пры гэтым інстутытуце (1952). З 1952 г. — загадчык кафедры літаратуры Бабруйскага настаўніцкага інстытута, з 1956 г. — загадчык кафедры беларускай літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута, узначальваў Брэсцкае абласное літаратурнае аб’яднанне (1956-1970), быў сакратаром аддзялення СП БССР (1981-1983). Кандыдат філалагічных навук, прафесар.

Сябра СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», Дружбы народаў, медалямі.

Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (1979).

У друку з літаратурна-крытычнымі, літаратуразнаўчымі і дакументальнымі творамі выступае з 1953 г. Выдаў кнігі «Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура» (1959), «Час і песні» (1962), «Зорны спеў» (1975), «Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі» (1977), «Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці» (1981), «Лёсам пазнанае: Выбраныя літаратурныя партрэты» (1982), «Тварэнне легенды» (1987), «Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці» (1990). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1964), «Истории советской многонациональной литературы» (1971), «Истории белорусской советской литературы» (1977), а таксама вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў для педінстытутаў і ўніверсітэтаў. Напісаў дакументальныя творы «Аповесць пра Таўлая» (часопіс «Полымя», 1964-1965), «Пасланец Праметэя» (1984), сумесна з А.Адамовічам і Я.Брылём кнігу «Я з вогненнай вёскі…» (1975). Склаў зборнікі паэзіі Заходняй Беларусі «Сцягі і паходні» (1965) і «Ростані волі» (1990).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1980) за ўдзел у напісанні двухтомнай «Истории белорусской дооктябрьской литературы» і «Истории белорусской советской литературы».