85 гадоў з дня нараджэння Паўла Ткачова

Когда:
03.09.2015 весь день
2015-09-03T00:00:00+03:00
2015-09-04T00:00:00+03:00

3 верасня спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння Паўла Ткачова, беларускага дзіцячага пісьменніка, літаратуразнаўцы, крытыка 

Ткачоў Павел, нарадзіўся 03.09.1930 г. у вёсцы Скадаінаўка Каменскага раёна Растоўскай вобласці (Расія) у сям’і шахцёра.

Пасля заканчэння сярэдняй школы быў дыктарам і літаратурным сакратаром на радыёстудыі ў г. Паўлаўску Варонежскай вобласці. Скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1955). Працаваў у рэдакцыях газет «Зорька», «Піянер Беларусі», часопіса «Бярозка». У 1967 г. скончыў аспірантуру, выкладаў рускую класічную літаратуру, з 1969 г. загадвае кафедрай рускай класічнай літаратуры БДУ, адначасова быў дэканам факультэта журналістыкі (1981-1986). Прафесар, доктар філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1964 г.

Узнагароджаны медалямі.

Заслужаны работнік вышэйшай школы Беларускай ССР (1983).

Друкавацца пачаў у 1947 г. (паўлаўская раённая газета «Луч коммуны»). Піша на беларускай і рускай мовах. Для дзяцей выйшлі кнігі аповесцей, апавяданняў «Мікіткаў падарунак» (1960), «Пра Сяргейку і лясных жыхароў» (1961), «Акцябраты — твае сябры» (1962), «Вішнёвая квецень. Апавяданні пра У.І.Леніна» (1965, 2-е дапоўнёнае і перапрацаванае выданне ў 1971), «Сэрца камунара» (1966), «Самае галоўнае: Штрыхі да партрэта Ільіча» (1977), аповесці «Піліпка з Галубінай слабодкі» (1969), «Граніца была побач» (1972), «Час світальнай зоркі» (выбранае, 1980, 1990), «Як разгаралася полымя» (1982), «У ліпені 1917 года» (1986), «Пралескі яе вясны» (аповесці, нарысы, 1986), «Балада аб партыйным білеце» (1988), «Чатыры дні» (часопіс «Маладосць», 1989), нарысы «Імя Леніна ў сэрцы нашым» (1963), «Люся Герасименко» (Масква, 1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1980), «Маніфест народнага шчасця» (1987), «Рэвалюцыйны трымаем крок» (1988). Адзін з аўтараў і ўкладальнікаў кніг «Піянеры-героі» (1962), «Напісалі кніжку самі» (1966), «Эстафета пакаленняў» (1967).

Выступае як крытык і літаратуразнавец. Выйшлі манаграфіі «Вечный бой: Памфлетное наследие Я.Галана и традиции М.Горького» (1970), «Иду на «вы»: Заметки о памфлете» (1975), «Границы жанра» (1977), «Сатиры злой звенящая строка…»: Природа смеха в памфлете» (1980), кніга нарысаў і эсэ «Силуэты прошлого» (1983), «Пра самага чалавечнага» (1985).