95 гадоў з дня нараджэння Івана Мележа

Когда:
08.02.2016 весь день
2016-02-08T00:00:00+03:00
2016-02-09T00:00:00+03:00

8 лютага спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння Івана Мележабеларускага пісьменніка 

Іван МележМележ Іван, нарадзіўся 08.02.1921 г. у вёсцы Глінішча Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы (1938) працаваў у Хойніцкім райкаме камсамола. У 1939 г. паступіў у Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры і з першага курса быў прызваны ў Савецкую Армію. Летам 1940 г. удзельнічаў у вызваленні Паўночнай Букавіны. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны на фронце — на Збручы, пад Уманню, Нікалаевым, Сінелькавам, Растовам-на-Доне, Лазавой. У чэрвені 1942 г. пад Растовам цяжка паранены і пасля лячэння ў тбіліскім шпіталі адпраўлены ў тыл. Жыў у Бугуруслане, потым выкладаў ваенную падрыхтоўку ў Малдаўскім педагагічным інстытуце, а з 1943 г. — у Беларускім дзяржаўным універсітэце, які знаходзіўся тады на станцыі Сходня ў Падмаскоўі, дзе вучыўся спачатку завочна на філалагічным факультэце, а затым перайшоў на стацыянар (скончыў у 1945 г. ужо ў Мінску). Пасля вучыўся ў аспірантуры, выкладаў беларускую літаратуру ва ўніверсітэце, працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», у апараце ЦК КПБ. З 1966 г. — сакратар, а ў 1971-1974 гг. — намеснік старшыні праўлення СП БССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1967-1976), быў старшынёй Беларускага камітэта абароны міру, сябрам Сусветнага Савета Міру. Сябра СП СССР з 1945 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1972).

Памёр 09.08.1976 г.

Дэбютаваў у 1939 г. вершамі. Першае выступленне ў друку як празаіка адносіцца да 1943 г. (газета «Бугурусланская правда»). Выдаў зборнікі аповесцей і апавяданняў «У завіруху» (1946), «Гарачы жнівень» (1948), «Заўсёды наперадзе» (нарыс, 1948), «Блізкае і далёкае» (1954), «У гарах дажджы» (1957), «Што ён за чалавек» (апавяданні, аповесці, нарысы, 1961), «Жыццёвыя клопаты» (нарысы, эсэ, крытычныя артыкулы, 1975), «Белыя вішні і яблыні» (1976), «Першая кніга: Дзённікі, сшыткі, з запісных кніжак» (1977). Аўтар рамана «Мінскі напрамак» (1952, дапрацаванае выданне ў 1974), цыкла раманаў «Палеская хроніка» — «Людзі на балоце» (1962), «Подых навальніцы» (1966) і «Завеі, снежань» (1978). У 1969-1971 гг. выйшаў Збор твораў у 6-ці, у 1979-1985 гг. — у 10 тамах.

Напісаў п’есы «Пакуль вы маладыя» (1956, асобнае выданне ў 1958, пастаўлена ў 1957), «Дні нашага нараджэння» (апублікавана і пастаўлена ў 1958), аднаактоўку «Хто прыйшоў уночы» (1959, асобнае выданне ў 1966). Па раманах «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» Беларускім тэлебачаннем створаны ў 1966 г. спектакль. Беларускім тэатрам імя Янкі Купалы пастаўлены ў 1966 г. спектакль «Людзі на балоце», Гомельскім абласным тэатрам — «Подых навальніцы» (1977), у 1989 г. — «Страсці эпохі» (паводле рамана «Завеі, снежань»).

Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1962) за раман «Людзі на балоце», Ленінскай прэміі (1972) за раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы», Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за кнігу крытычных нарысаў, артыкулаў «Жыццёвыя клопаты» (пасмяротна).