175 гадоў з дня нараджэння Элізы Ажэшка

Когда:
06.06.2016 весь день
2016-06-06T00:00:00+03:00
2016-06-07T00:00:00+03:00
Стоимость:
Бесплатно

6 чэрвеня спаўняецца 175 гадоў з дня нараджэння Элізы Ажэшка, польскай пісьменніцы

Эліза АжэшкаЭліза Ажэшка нарадзілася 6 чэрвеня 1841 года ў сямейным маёнтку Мількаўшчына, каля Гродна. З дзесяці год выхоўвалася ў манастырскім пансіёне ў Варшаве, дзе знаходзілася да 1857 года. Тут пазнаёмілася і пасябравала з Марыяй Васілоўскай, у далейшым — Канапніцкай.

Пасля заканчэння выхавання ў 1858 годзе, была хутка выдадзена замуж за Пятра Ажэшку, пачала жыць у Людвінове ў Кобрынскім павеце (цяпер — вёска ў Драгічынскім раёне), дзе ў 1862 годзе стварыла, разам з малодшым братам мужа, школу для дваццаці вясковых дзяцей. Прымала актыўны ўдзел у дыспутах земскіх камітэтаў, з мэтай правядзення грамадска-эканамічных рэформ вёскі. Грамадскія прыхільнасці сталі адной з прычын разладу з мужам, Э. Ажэшка пакінула мужа і выехала ў Варшаву.

На час паўстання 1863—1864 вярнулася ў Людвінова, каб дапамагаць паўстанцам, у маі-чэрвені 1863 хавала ў сябе Рамуальда Траўгута, якога пазней пераправіла за мяжу. Па гэтай прычыне восенню 1863 Пётр Ажэшка быў арыштаваны, а ў сакавіку 1865 высланы ў Пермскую губерню. Пасля паўстання Э. Ажэшка была вымушана прадаць Людвінова і вярнуцца ў Мількаўшчыну, дзе адкрыла школку для вясковых дзяцей. З таго часу датуюцца яе першыя захаваныя літаратурныя творы. Першым надрукаваным творам, які з’явіўся ў 1866, было апавяданне «Малюнак з галодных гадоў».

Тым часам вярнуўся з Пярмі Пётр Ажэшка. Э. Ажэшка не магла знайсці паразумення з мужам, пачала працэс аб ануляванні шлюбу і дабілася гэтага ў 1869 годзе. У 1870 г. Э. Ажэшка прадала Мількаўшчыну і пераехала на сталае жыхарства ў Гродна. Пасля дваццаці гадоў сяброўства з С. Нагорскім, пасля смерці яго жонкі, узяла з ім шлюб (1894).

Дзве яе найлепшыя аповесці «Над Нёманам» і «Хам» з’явіліся ў 1886—1888 гг. Сваю багатую бібліятэку перадала Віленскаму таварыству сяброў навук, суарганізатарам і першым ганаровым членам якога была.

Сябравала з удзельнікам Паўстання 1863—1864 гг. Людамірам Абрэмбскім і яго сынам Максімільянам, дапамагала апошняму збудаваць дом у Гродне (цяпер па адрасе вул. Ажэшкі № 19).

Памерла Э. Ажэшка ў Гродне і там пахавана.

Літаратурную дзейнасць Эліза Ажэшка пачала ў 1866 годзе (апавяданне «Малюнак з галодных гадоў»). Творчасць 1870-х г. зведала ўплыў ідэй «варшаўскага» пазітывізму, асветнай працы з народам. Выступала за раўнапраўе жанчын (аповесці «Апошняе каханне», 1868, «Пан Граба», 1869-70, «Марта», 1873), з крытыкай шляхецкай арыстакратыі і саслоўных прымхаў (раман «Пампалінскія», 1876), з гуманістычных пазіцый адстойвала інтарэсы лрацоўных (зборнік апавяданняў «3 розных сфер», т. 1-3, 1879-82). У рамане «Над Нёманам» (1887) адлюстравала вострыя праблемы тагачаснай польскай рэчаіснасці. У аповесцях «Нізіны» (1884), «Дзюрдзі» (1885), «Хам» (1888), апавяданнях «Рэха», «Тадэвуш», «У зімовы вечар» і інш. паказала жыццё паслярэформеннай беларускай вёскі. Пра фальклор і духоўнае багацце беларусаў напісала нарысы «Людзі і кветкі на берагах Нёмана» (1888-91). У 1890-я г. ў яе творах вастрыня сацыяльнай праблематыкі саступае месца псіхалагічнай заглыбленасці («Два полюсы», 1893, зборнік апвяданняў «Меланхолікі», 1896). Апошні зборнік навел «Gloria vicis» («Слава пераможаным!», 1910) прысвечаны героям паўстання 1863-64.

Самыя раннія пераклады твораў Э. Ажэшкі выходзілі яшчэ ў пачатку ХХ ст., напрыклад, апавяданне «Гэдалі» (Вільня, «Наша ніва», 1907, перакладчык не пазначаны, выходзіла кірыліцай і лацінкай). Пазней на беларускую мову творы Элізы Ажэшкі перакладалі Я. Брыль, А. Бутэвіч, Я. Бягомская, Г. Тычка.