135 гадоў з дня нараджэння ЯКУБА КОЛАСА

Когда:
03.11.2017 весь день
2017-11-03T00:00:00+03:00
2017-11-04T00:00:00+03:00

3 лістапада спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння

ЯКУБА КОЛАСА (КАНСТАНЦІНА МІХАЙЛАВІЧА МІЦКЕВІЧА), народнага паэта Беларусі, грамадскага дзеяча, вучонага, педагога, акадэміка НАН Беларусі, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1946, 1949)

Колас Якуб (сапр. Міцкевіч Канстанцін), нарадзіўся 03.11.1882 г. у засценку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Мінскай вобласці ў сям’і лесніка.

Раннія дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць, што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна (1902-1904), Пінкавічы Пінскага раёна (1904-1906), Верхмень Смалявіцкага раёна (1906). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе быў звольнены (1906). Зімой 1906-1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 г. — у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.09.1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з’ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў мінскім астрозе. У 1912-1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-й прыходскай навучальні ў Пінску. У час першай імперыялістычнай вайны разам з сям’ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскую ваенную навучальню (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г. накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Па дэкрэце Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. звольнены з войска як настаўнік. Працаваў на Куршчыне настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку ўрада БССР у жніўні 1921 г. пераехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З дня ўтварэння АН БССР (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 — лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Мінск. Быў сябрам ЦВК БССР (1929-1931, 1935-1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946-1956) і БССР (1938-1956), з’яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік АН БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.

Народны паэт БССР (1926). Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1944).

Памёр 13.08.1956 г.

Пісаць пачаў на рускай мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску «Наш родны край» (14 верасня 1906 г. газета «Наша доля»). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў «Песні-жальбы» (факсімільнае выданне ў 1982), затым — кнігі прозы «Апавяданні» (1912), «Родныя з’явы» (1914). У Пецярбургу ў 1913 г. асобнымі выданнямі выйшлі апавяданні «Тоўстае палена» і «Нёманаў дар», апавяданні вершам «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі» і «Батрак. Як Юрка збагацеў». У савецкі час выдадзены кніга апавяданняў «Казкі жыцця» (1926, 1-е выданне — Коўна, 1921), зборнік вершаў «Водгулле» (1922), паэма «Новая зямля» (1923), аповесць «У палескай глушы» (1923), зборнікі апавяданняў «Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У ціхай вадзе», паэма «Сымон-музыка» (усе ў 1925), аповесць «На прасторах жыцця» (1926, экранізавана ў 1929; уключаны і апавяданні, 2-е дапоўненае выданне ў 1928), аповесці «У глыбі Палесся» (1927), «Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934), зборнікі вершаў «Нашы дні» (1937), «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (Масква, 1943), «Адплата» (1946), зборнік вершаў «Мой дом» (1946), паэма «Рыбакова хата» (1947), трылогія «На ростанях» (1955, інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» ў 1958; экранізавана ў 1960-1961 гг.), зборнік вершаў «Жыве між нас геній» (1952) і інш. Многія вершы Я.Коласа пакладзены на музыку. Аўтар твораў для дзяцей — паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванай казкі «Рак-вусач» (1938), зборнікаў вершаў «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.

Аўтар п’ес «Антось Лата» (1917, пастаўлена ў 20-х гадах), «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927, канчатковая рэдакцыя ў 1938, пастаўлена ў 1937), «У пушчах Палесся» (1938, пастаўлены ў 1937), аднаактоўкі «На дарозе жыцця» (1917).

Выступаў у галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. У 1957 г. выйшаў зборнік «Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы». Выдаў падручнікі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (Пецярбург, 1909) і «Методыка роднае мовы» (1926).

Пераклаў на беларускую мову паэмы «Палтава» А.Пушкіна, паасобныя творы Т.Шаўчэнкі, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Р.Тагора і інш. Быў адным з рэдактараў «Русско-белорусского словаря» (1953).

Выйшлі Зборы твораў у 7-мі (1952), 12-ці (1961-1964), 14-ці (1972-1978) тамах. Неаднаразова перавыдаваліся Выбраныя творы (апавяданні, вершы і паэмы).

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата».