130 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна

Когда:
11.03.2017 весь день
2017-03-11T00:00:00+03:00
2017-03-12T00:00:00+03:00

11 сакавіка спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Алеся Гаруна, пісьменніка, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху 

Гарун Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандар), нарадзіўся 11.03.1887 г. у фальварку Новы Двор (цяпер у межах Мінска) у сям’і чорнарабочага.

Скончыў гарадскую прыходскую школу ў Мінску (1897), вучыўся ў рамесніцкім вучылішчы. З 1902 г. працаваў сталяром у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску. У 1904 г. уступіў у партыю эсэраў і актыўна ўключыўся ў падпольную рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 г. арыштаваны і высланы на пасяленне ў Сібір, дзе займаўся сталярнай і цяслярнай працай. Ссылку адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні. У 1914 г. працаваў на Лене вадалівам. З 1915 г. — на залатых капальнях у Бадайбо, дзе сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. Там быў абраны дэпутатам Савета Ленінскай золатапрамысловай акругі. У Мінск вярнуўся ў верасні 1917 г., у 1918 г., у час нямецкай акупацыі, рэдагаваў газету «Беларускі шлях». У 1919 г., пасля захопу Мінска палякамі, стаў сябрам так званай Беларускай вайсковай камісіі. У 1920 г. цяжка хворы вывезены ў Кракаў.

Памёр 28.07.1920 г.

Пісаць вершы пачаў змалку. У друку дэбютаваў вершам «Маці-Беларусі» ў 1907 г. (газета «Наша ніва»). Вершы, апавяданні публікаваліся ў газетах «Наша ніва», «Беларус», «Вольная Беларусь», у калектыўных зборніках і календарах. Выйшаў зборнік паэзіі «Матчын дар» (1918, 1929, факсімільнае выданне ў 1988), у 1920 г. — зборнік «Жывыя казкі», куды ўвайшлі тры п’есы для дзіцячага тэатра: «Хлопчык у лесе» (ставілася ў Вільні ў 1921), «Шчаслівы чырвонец» і «Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць». У Вільні асобным выданнем выйшла паэма «Мае коляды» (пад псеўданімам А.Сумны, 1920). Выступаў у друку і як публіцыст.