110 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча

Когда:
19.02.2018 весь день
2018-02-19T00:00:00+03:00
2018-02-20T00:00:00+03:00

19 лютага  спаўняецца  110 гадоў з дня нараджэння Станіслава Шушкевіча, беларускага дзіцячага пісьменніка

Шушкевіч Станіслаў, нарадзіўся 19.02.1908 г. у вёсцы Бакінава Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і беззямельнага селяніна.

Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Мінску (1926-1928). Працаваў у дзяржаўнай бібліятэцы БССР, загадваў бібліятэкай навукова-даследчага Інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (1928-1931). Быў сябрам літаратурных арганізацый «Маладняк», БелАПП. Скончыў крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску (1934). Працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва», «Калгаснік Беларусі», «Звязда». 15.11.1936 г. быў арыштаваны, асуджаны да 8 год пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў турме, лагеры, ссылцы. Працаваў шахцёрам, цесляром, бухгалтарам у лагеры МУС Кемераўскай вобласці, пасля вызвалення (1944) — вольнанаёмным бухгалтарам саўгаса. У 1946-1949 гг. настаўнічаў у Данілавіцкай сярэдняй школе Дзяржынскага раёна. У 1949 г. арыштаваны паўторна і высланы на спецпасяленне ў Краснаярскі край, дзе працаваў лесарубам, у геалагічных партыях і экспедыцыях. У 1956-1958 гг. — супрацоўнік газеты «Мінская праўда», у 1958-1970 гг. — загадчык аддзела газеты «Літаратура і мастацтва». Канчаткова па абедзвюх справах рэабілітаваны 26.09.1975 г. Сябра СП СССР з 1934 г.

Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1983).

Узнагароджаны медалямі.

Памёр 01.01.1991 г.

Друкаваўся з 1924 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Вершы» (1934), «Дарогаю вясны» (1959), «Услед за марамі» (1961), «Навальніца» (1966), «Сябрам» (1972), «Дарога ў залатую восень» (1983), «Рэха маладосці» (1984), «Сонца над маім асеннім садам» (1987), кнігі ўспамінаў «Вяртанне ў маладосць» (1968), зборніка сатыры і гумару «Грушы на вярбе» (1969), кніжак вершаў, апавяданняў і казак для дзяцей «Звярыны баль» (1936), «Лясная калыханка» (1958), «Сарочы церамок» (1959), «Мы на змену ідзём» (1961), «Гара Марата Казея» (1963), «Будзільнік» (1966), «Апавяданні пра Марата Казея» (1968, 1988), «Вясёлыя дзятлікі» (1970), «Колькі кіпцікаў у кошкі» (1972), «Дванаццаць пасланцоў» (1973), «Барадаты камар» (1977), «Красавік» (1977), «Ліса з магнітафонам» (1979), «Казачны церам» (1983), «Едзе страшная Яга» (1985), «Казёл на верталёце» (1987). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах, у 1988 г. — «Выбранае».