100 год з дня нараджэння В.Таўлая

Когда:
07.02.2014 – 08.02.2014 весь день
2014-02-07T21:00:00+00:00
2014-02-08T21:00:00+00:00

8 лютага  спаўняецца  100 год з дня нараджэння В.Таўлая, беларускага  паэта

TaulajТаўлай Валянцін, нарадзіўся 08.02.1914г. у горадзе Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне. У 1927г. паступіў у Віленскую беларускую гімназію, а ў 1929г. быў выключаны за ўдзел у вучнёўскай забастоўцы. Летам 1929г. арыштаваны польскімі ўладамі, а восенню 1930г. асуджаны на 2 гады зняволення. У кастрычніку 1930г. камуністычнае падполле накіравала яго ў БССР. Працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У канцы 1932г. прыняты ў сябры Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і адкліканы ЦК КПЗБ на падпольную працу ў Заходнюю Беларусь. Сябра цэнтральнай рэдакцыі КПЗБ (Варшава), супрацоўнік легальнага органа КПЗБ «Беларуская газета» (Вільня), прадстаўнік ЦК КПЗБ у Цэнтры нацыянальна-вызваленчага руху Заходняй Беларусі. Адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў (1933). У 1934г. зноў арыштаваны і асуджаны да 8 гадоў турмы. У верасні 1939г. вызвалены з гарадзенскай турмы Чырвонай Арміяй. Працаваў у лідскай раённай газеце «Уперад» (1939—1941). У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным партызанскага атрада імя Р.І.Катоўскага брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага Баранавіцкага злучэння (1942—1944), разведчыкам, кіраўніком наваградскай агентурнай сеткі спецгрупы «Буравеснік» (студзень — ліпень 1944). У 1944—1945гг. працаваў адказным сакратаром наваградскай раённай газеты «Звязда», у 1945—1947 гг. — старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Сябра СП СССР з 1941 г.

Памёр 27.04.1947 г.

Друкавацца пачаў у 1928 г. (газета «Сіла працы», Вільня). Аўтар паэмы «Непераможная» (выдадзена на шапірографе, Вільня, 1928), зборнікаў паэзіі «Выбранае» (1947), Выбраныя творы (1951, 1958), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Творы» (1961), «Выбраныя вершы і паэмы» (1967), «Пілую вершам краты» (выбранае, 1984). Пісаў літаратурна-крытычныя (пра творчасць Я.Купалы, П.Пестрака, Я.Брыля) і публіцыстычныя артыкулы. Перакладаў на беларускую мову творы А.Міцкевіча, І.Крылова і інш.