100 год з дня нараджэння Эдзі Агняцвет

Когда:
11.10.2016 весь день
2016-10-11T00:00:00+03:00
2016-10-12T00:00:00+03:00

11 кастрычніка спаўняецца 100 год з дня нараджэння Эдзі Агняцвет (1916-2000), беларускай паэтэсы 

Agniacvet_712Нарадзілася 11 кастрычніка 1916 года ў горадзе Мінску ў сям’і служачых. Сапраўднае імя — Каган Эдзі. Пасля заканчэння сямігодкі працавала на мінскім заводзе «Камунар» (1930), год правучылася ў мінскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута (1934-1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934-1938), кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі» (1940-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Узбекістане. У 1945-1946 гг. працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Сябра СП СССР з 1937 г.

Першыя вершы надрукавала ў 1929 г. Піша пераважна для дзяцей. Выдала зборнікі паэзіі «Маё пакаленне» (1935), «Вершы» (1938), «Вясновай раніцай» (1941), «Край мой родны» (1945), «Дарога ў будучыню» (1949), «Беларуская рабіна» (1959), «Лірыка» (1965), «Круглы год: Выбранае» (1966), «Жаданне» (1971), «Спадзяванне калыханак» (1983), «Закаханым» (1986), паэму «На беразе Волгі» (1940). Выйшлі кнігі паэзіі для дзяцей «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Краіна маленства» (1975), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Доктар Смех» (1977), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «На двары алімпіяда» (1984), «Буду настаўнікам» (1990), паэмы «Песня пра піянерскі сцяг» (1949), «Мы будзем сябраваць» (1955, дапрацаванае выданне ў 1979), кніга для чытання ў 4 класе «Роднае слова» (з Я. Івашуціч, 1989). У 1976 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

Аўтар лібрэта опер для дзяцей «Джанат» (1962, ставілася ў 1944, 1947, 1974), «Марынка» (урыўкі ў 1958, пастаўлена ў 1956).

Пераклала на беларускую мову паасобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, В. Шэфнера, А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана, Я. Судрабкална, С. Карыма і інш., кнігу Зульфіі «Такое сэрца ў мяне» (з А. Грачанікавым, 1985), зборнікі паэзіі для дзяцей Я. Османіса «Сабака з рагаткай» (1976), Г. Сулейманавай «Сорак косак» (1982), М. Джаліля «Я гляджу на зоры» (1985). З французскай мовы пераклала кнігі П. Ж. Беранжэ «Выбраныя песні» (1960), «Краіна Паэмія» (анталогія французскай паэзіі для дзяцей, 1962), А. Экзюперы «Маленькі прынц» (1969), Г. Апалінэра «Зямны акіян» (1973), П. Элюара «З табою» (1980).

Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі. У 1986 г. узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».