100 гадоў з дня нараджэння ЯНКІ (ІВАНА АНТОНАВІЧА) БРЫЛЯ

Когда:
04.08.2017 весь день
2017-08-04T00:00:00+03:00
2017-08-05T00:00:00+03:00

4 жніўня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння ЯНКІ (ІВАНА АНТОНАВІЧА) БРЫЛЯ

народнага пісьменніка Беларусі, перакладчыка, публіцыста, ганаровага члена НАН Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР (1952), Літаратурнай прэміі імя Я. Коласа (1964), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1982)

Брыль Янка, нарадзіўся 04.08.1917 г. у горадзе Адэсе (Украіна) у сям’і чыгуначніка. У 1922 г. разам з бацькамі пераехаў на іх радзіму ў Заходнюю Беларусь (вёска Загора Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці). Скончыў польскую сямігодку (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. У сакавіку 1939 г. прызваны ў польскую армію. Служыў у марской пяхоце. У верасні 1939 г. пад Гдыняй трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк на радзіму. З кастрычніка 1942 г. — сувязны партызанскай брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, а з сакавіка да ліпеня 1944 г. — партызан-разведчык брыгады «Камсамолец» і рэдактар газеты «Сцяг свабоды» (орган Мірскага падпольнага райкома партыі) і сатырычнага антыфашысцкага лістка «Партызанскае жыгала». З кастрычніка 1944 г. жыве ў Мінску. Працаваў у рэдакцыі газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзяржаўным выдавецтве БССР. У 1966-1971 гг. — сакратар праўлення СП БССР. Двойчы выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1963-1967, 1980-1985). Старшыня Беларускага аддзялення таварыства «СССР — Канада» (1967-1990). Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1945 г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны II ступені, Дружбы народаў, «Знак Пашаны», савецкімі і польскімі медалямі.

Народны пісьменнік БССР (1981).

У 1938 г. пачаў друкавацца як паэт і публіцыст (віленскі беларускі часопіс «Шлях моладзі»). Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (апавяданні і нарысы), «Вераснёвая рунь» (1949), «У Забалоцці днее» (1951), «Дзеля сапраўднай радасці» (1952), «На Быстранцы» (1955), «Вачыма друга» (нарысы, 1956), «Сэрца камуніста» (нарыс, 1957), «І смех, і бяда» (сатыра і гумар, 1958), «Надпіс на зрубе» (1958), «Вы-браныя апавяданні» (1959), «Мой родны кут» (1959), «Працяг размовы» (апавяданні, замалёўкі, нарысы, 1962), «Жменя сонечных промняў» (мініяцюры, 1965), «Адзін дзень» (1968), «Акраец хлеба» (1977), «Золак, убачаны здалёк» (1979), «Гуртавое» (1980), зборнікаў апавяданняў і мініяцюр «Ты жывеш» (1978), «Сёння і памяць» (1985), «Ад сяўбы да жніва» (1987), «На сцежцы — дзеці» (1988), раманаў «Граніца» (ч. I, часопіс «Полымя», 1949), «Птушкі і гнёзды» (1964). У сааўтарстве з А.Адамовічам і Ў.Калеснікам напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі…» (1975, па матывах кнігі пастаўлены «Хатынскі цыкл» дакументальных фільмаў). Выдаў кніжкі прозы для дзяцей «Ліпка і клёнік» (1949), «Зялёная школа» (1951), «Светлае ранне» (1954), «Пачатак сталасці» (1957), «Жыў-быў вожык» (1976), «Сняжок і Волечка» (1983). Выйшлі Зборы твораў у 2-х (1960), 4-х (1967-1968) і 5 тамах (1979-1981).

Я.Брылю належаць таксама кнігі «Роздум і слова» (літаратурна-крытычныя артыкулы, нататкі, 1963) і «Трохі пра вечнае» (артыкулы, творчыя партрэты, лірычны роздум, 1978). Напісаў тэксты да альбомаў «Там, дзе сінее Нарач» (1963) і «Між тых палёў…» (1968).

Вядомы і як перакладчык з рускай, украінскай і польскай моў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі паасобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, Л.Смілянскага, А.Даўжэнкі, В.Казачэнкі, М.Канапніцкай, Э.Ажэшкі, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, В.Жукроўскага, Т.Ружэвіча, М.Ю.Канановіча, Я.Гушчы і інш.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1952) за аповесць «У Забалоцці днее», Літаратурнай прэміі імя Якуба Коласа (1963) за кнігу «Працяг размовы», Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1982) за аповесць «Золак, убачаны здалёк».

Атрымаў у Польшчы прэміі за пераклады польскай літаратуры і ўмацаванне дружбы паміж народамі — імя У.Петшака (1972) і аўтарскага аб’яднання «ЗАІКС» (1975).